«Гэта за межамі»: у цэнтры Мінска папулярны тэатр правёў бясплатны спектакль
7- 26.07.2026, 13:04
- 3,504
Некаторыя глядачы сышлі з абурэннем.
У суботу, 25 ліпеня, Беларускі тэатр лялек завяршаў тэатральны сезон. Да гэтай падзеі ў калектыве падрыхтавалі падарунак для глядачоў. У сэрцы Мінска, у Ракаўскім дварыку, вырашылі паказаць спектакль «Кот у ботах». Пабачыць яго маглі ўсе ахвотныя, прычым бясплатна. Але не абышлося без праблем. З-за колькасці людзей асалоду ад пастаноўкі атрымалі далёка не ўсе — і ў Threads пасыпаліся скаргі, піша «Зеркало».
Мінчанка Вольга апублікавала ў Threads відэа, на якім відаць дзясяткі, а можа нават і сотні людзей, што сабраліся ў суботу ў Ракаўскім дварыку. «Чуўна, але не відна», — пажартавала яна ў сваім пасту, а ў каментарыях адзначыла, што з пастаноўкі яны сышлі.
Карыстальніца @mimoletova больш эмацыйна выказалася пра сітуацыю. Пасля таго, як яна пабывала на прадстаўленні, яе меркаванне пра людзей «упала ў разы».
— Я за дзве гадзіны заняла месца, каб трохгадовае дзіця ўбачыла спектакль.
А фактычна з першага рада быў такі від, — паведаміла яна і падцвердзіла эмоцыі фактамі: размясціла фота з выглядам са свайго месца.
На здымку бачна, як людзі стаяць перад сцэнай у некалькі радоў.
— І хай бы яшчэ дзеці, дык дарослыя, якія адкрыта гатовыя паслаць астатніх на*** — гэта за межамі, — абурылася яна. — Лепш зрабіце платны ўваход. Хай будзе 50 рублёў. Заплацім. Але сённяшняя арганізацыя спектакля (у многім дзякуючы глядачам) проста 0/10. Артысты малайцы. Брава.
Прыехала паглядзець «Ката ў ботах» і псіхолаг Ганна. Глядачка прызналася, што чула шмат «выдатных водгукаў» пра тэатр лялек і што білеты на прадстаўленні складана дастаць. Таму, убачыўшы аб'яву пра паказ для ўсіх ахвотных, вырашыла туды пайсці. З ёй былі муж і дзеці. Судзячы па фота, якія жанчына размясціла ў Threads, ёй дасталася месца за некалькі радоў ад сцэны.

— Спектакль, акцёры, дэкарацыі, лялькі былі на вышыні, — напісала яна. — Але, вядома, было «але»… Быў велізарны натоўп, з-за чаго немагчыма было бачыць сцэну. Гэта, вядома, зразумела: мерапрыемства бясплатнае, ахвотных шмат… Але гэта не самае галоўнае. Разумею, што нехта прыйшоў загадзя і заняў месцы. Нават дарослыя, хоць спектакль дзіцячы. Але не магу зразумець, чаму паміж месцамі і сцэнай стаялі дзеці і нават дарослыя, якія сабой амаль цалкам закрывалі ўсіх лялек для астатніх! Акрамя таго, дзеці залазілі на сцэну падчас прадстаўлення і чапалі лялек, чым перашкаджалі артыстам!
Паводле слоў Ганны, яе дзеці ў выніку таксама падышлі бліжэй, каб паглядзець спектакль.
— Хоць лялькі і не былі бачны цалкам, але ім спадабалася, — рэзюмавала яна.
У падобнай сітуацыі апынулася і глядачка Алеся, якая таксама прыехала на «Ката ў ботах».
— Дзеці нічога не змаглі ўбачыць. Шмат дарослых сядзела на дзіцячых месцах. Нават калі вядучая папрасіла саступіць дзецям, ні адзін дарослы не ўстаў, — напісала ў Threads яна. — Людзі лаяліся, штурхаліся. З-за дзяцей і дарослых, якія ўсталі проста перад сцэнай, нічога не было відаць. Галоўнае пытанне: няўжо вам было нармальна сядзець на дзіцячых месцах?
У каментарыях адна з карыстальніц расказала, што, убачыўшы натоўп, сышла са спектакля яшчэ да пачатку.
— Дый яшчэ перад намі стаяла дама з парасонам… Зразумелі, што трэба сыходзіць, і сышлі, — расказала яна.
У адказ на гэта Алеся дадала: «Мы таксама сышлі хвілін праз дзесяць».