Кіраўнік Ірана прапанаваў стварыць для ШАС адзіную валюту
36- 4.07.2024, 18:51
- 9,398
![Кіраўнік Ірана прапанаваў стварыць для ШАС адзіную валюту](https://i.c97.org/ai/601578/aux-head-1720108257-20240101_skriin_360.jpg)
Пра гэта ён заявіў на саміце ў Астане.
Выканаўца абавязкаў прэзідэнта Ірана Махамад Махбер на пасяджэнні «ШАС плюс» у Астане выступіў з прапановай стварыць адзіную валюту для ўдзельнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), паведамляе ТАСС.
Умацаванне эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ШАС – адзін з найважнейшых крокаў для ўмацавання аб'яднання ў свеце і ў рэгіёне, мяркуе Махбер. «Да гэтай сферы адносіцца пашырэнне выкарыстання нацыянальных валютаў або [стварэнне] агульнай валюты», – заявіў ён.
Паводле словаў кіраўніка Ірана, стварыць новую валюту можна з дапамогай «прарыўных тэхналогій». Тэма ўяўляе вялікую цікавасць і мае патрэбу ў абмеркаванні, перакананы Махбер.
4 ліпеня ў Астане закончыўся саміт ШАС, падчас якога ў арганізацыю прынялі Беларусь. Такім чынам, колькасць чальцоў ШАС вырасла да дзесяці. Цяпер у арганізацыю ўваходзяць Расея, Індыя, Казахстан, Кітай, Пакістан, Іран, Кыргызстан, Узбекістан і Таджыкістан. Афганістан і Манголія маюць статус назіральніцаў.
На сустрэчы лідары краінаў ШАС падпісалі выніковую Астанінскую дэкларацыю.