17 жнiўня 2024, Субота, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WP: Аперацыя УСУ ў Расеі зрывае таемныя перамовы аб частковым спыненні агню

7
WP: Аперацыя УСУ ў Расеі зрывае таемныя перамовы аб частковым спыненні агню

Яны планаваліся ў Катары.

Аперацыя УСУ ў Курскай вобласці зводзіць на нішто сакрэтныя намаганні для частковага спынення агню з Расеяй, піша The Washington Post са спасылкай на дыпламатаў і афіцыйных асоб.

З іх слох, краіны ўдзельніцы вайны павінны былі правесці ненаўпроставыя перамовы ў Катары аб пагадненні для спынення ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры з абодвух бакоў.

Адзначаецца, што Украіна і Расея збіраліся накіраваць дэлегацыі ў Доху ў гэтым месяцы для адпаведных перамоў. Указваецца, што магчымая дамова была б раўназначная частковаму спыненню агню і прапанавала б адтэрміноўку для абедзвюх краін.

Дыпламат, знаёмы з сітуацыяй, паведаміў, што Катар абмяркоўвае з Кіевам і Масквой пытанне аб мараторыі на энэргетычныя ўдары цягам апошніх двух месяцаў. Паводле яго інфармацыі, абодва бакі дамовіліся аб правядзенні саміту ў горадзе Досе, і засталося прапрацаваць толькі нязначныя дэталі.

«Але ненаўпроставыя перамовы, у якіх катарцы выступалі ў якасці пасярэднікаў і сустракаліся асобна з украінскай і расейскай дэлегацыямі, былі сарваныя нечаканым уварваннем Украіны ў заходнюю Курскую вобласць Расеі на мінулым тыдні, са слоў чыноўнікаў. Аб магчымым пагадненні і планаваным саміце раней не паведамлялася», - піша WP.

Са слоў дыпламата, расейскія афіцыйныя асобы адклалі сустрэчу з афіцыйнымі асобамі Катара пасля ўварвання Украіны на захад Расеі. Маскоўская дэлегацыя ахарактарызавала гэта як «эскалацыю», сказаў дыпламат, дадаўшы, што Кіеў не папярэджваў Доху аб сваім трансмежавым наступе.

Расея «не скасавала перамовы, яны сказалі: дайце нам час», - дадаў дыпламат. З яго слоў, хаця Украіна ў кожным выпадку хацела адправіць сваю дэлегацыю ў Доху, Катар адмовіўся, бо не ўважаў аднабаковую сустрэчу выгаднай.

У адказ на пытанні The Washington Post у Офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што саміт у горадзе Досе перанесены «праз сітуацыю на Блізкім Усходзе», але пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі 22 жніўня, пасля чаго Кіеў будзе кансультавацца са сваімі партнёрамі з нагоды рэалізацыі таго, што абмяркоўвалася. Крэмль не адказаў на запыты аб каментарах. Белы дом адмовіўся каментаваць гэтую гісторыю.

Са слоў чыноўнікаў, некаторыя ўдзельнікі перамоў спадзяваліся, што яны змогуць прывесці да больш усёабдымнага пагаднення аб спыненні вайны.

«Гатоўнасць удзельнічаць у перамовах сігналізавала аб некаторым зруху для абедзвюх краін, прынамсі, у дачыненні да абмежаванага спынення агню… Украінскія і расейскія афіцыйныя асобы не сустракаліся для перамоў тварам да твару з першых месяцаў вайны, калі дэлегацыі абодвух бакоў сабраліся для сакрэтных перамоў у Стамбуле. Гэтыя перамовы ў канчатковым выніку праваліліся. Пазней абодва бакі дамовіліся аб збожжавай угодзе, у выніку якой Расея часова зняла ваенна-марскую блакаду, што дазволіла Украіне перапраўляць збожжа праз Чорнае мора. Гэта таксама абрынулася праз некалькі месяцаў, калі Расея выйшла з угоды. Іншыя спробы стварыць гуманітарныя калідоры збольшага праваліліся», - гаворыцца ў публікацыі.

Праінфармаваны аб перамовах, дыпламат заявіў, што Кіеў і Масква далі зразумець аб сваёй гатоўнасці прыняць пагадненне напярэдадні саміту ў горадзе Досе, але ў высокапастаўленых чыноўнікаў у Кіеве былі змешаныя чаканні наконт поспеху перамоў. Некаторыя ацэньвалі шанцы на 20%, а іншыя чакалі яшчэ горшых даляглядаў, нават калі б штурму Курскай вобласці не адбылося.

«Хоць Кіеў, магчыма, і палепшыў сваю будучую перамоўную пазіцыю дзякуючы захопу зямель, імавернасць непазбежных мірных перамоў, здаецца, зменшылася. На гэтым тыдні Пуцін публічна паабяцаў не змякчаць сваю пазіцыю на перамовах праз напад на расейскую тэрыторыю», - дадалі ў WP.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках