17 жнiўня 2024, Субота, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Пуцін рэалізуе дзіўную стратэгію рэагавання на Курск

7
Bloomberg: Пуцін рэалізуе дзіўную стратэгію рэагавання на Курск

Крэмль баіцца пасылаць паведамленне аб тым, што вораг ля брамы.

Крэмль спрабуе пераменшыць пагрозу ад беспрэцэдэнтнага ўкраінскага ўварвання ў Курскую вобласць, падаючы яго як лакальную форс-мажорную праблему накшталт прыроднага бедства. Аб гэтым піша Bloomberg, аналізуючы апошнія дзеянні і заявы расейскіх уладаў.

У пятніцу прэзідэнт Уладзімір Пуцін сабраў вышэйшых службовых асоб Расеі на чарговае пасяджэнне Савета бяспекі. Аднак цэнтральнай тэмай стала не першае за 80 гадоў уварванне замежнага войска ў Расею, а «новыя тэхнічныя развязанні, прынятыя падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Расейскія СМІ таксама канцэнтруюць сваю ўвагу не столькі на ўкраінскім уварванні як такім, колькі на тэме гуманітарнай дапамогі людзям, якія пацярпелі ад падзей у Курскай вобласці. Як адзначае Bloomberg, фактычна Крэмль спрабуе сфармаваць у расейцаў адчуванне нейкай «нармальнасці» падзей у Курскай вобласці, быццам там адбываецца маштабная паводка ці іншае прыроднае бедства.

«Крэмль не хоча пасылаць паведамленне аб тым, што вораг ля брамы. Яны не хочуць пасылаць паведамленне аб сіле Украіны і іх уласнай слабасці», - сказала Вольга Олікер, дырэктарка ў пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай крызіснай групы ў Брусэлі.

Крэмль, здаецца, не жадае нават прызнаць факт уварвання. Напрыклад, у панядзелак крамлёўская прэс-служба выдала паведамленне аб тым, што Пуцін абмеркаваў «існыя пытанні» з высокапастаўленымі чыноўнікамі па «сітуацыі» на мяжы.

Падчас адной такой сустрэчы, якая транслявалася анлайн, Пуцін рэзка перабіў в.а. губернатара Курскай вобласці Аляксея Смірнова, калі той пачаў апісваць маштабы ўкраінскіх дзеянняў. Дыктатар загадаў губернатару засяродзіцца на пытаннях дапамогі бежанцам, а ваенныя ацэнкі пакінуць Мінабароны.

Хоць трывога сярод шараговых расейцаў расце, апатыя застаецца дамінуючай рэакцыяй грамадства на курскія падзеі, мяркуе Міхаіл Вінаградаў, кіраўнік фонду «Санкт-Пецярбуржская палітыка». «Дамінуе трывога, а не жаданне адпомсціць», - сказаў ён.

Са слоў Сяргея Маркава, палітычнага кансультанта, блізкага да Крамля, Пуцін хоча звесці да мінімуму ўзровень стрэсу сярод расейцаў, якія ўжо незадаволеныя няздольнасцю войска РФ знішчыць Украіну.

«Але ва ўладзе ёсць план Б, і калі грамадства запатрабуе зрабіць усё для перамогі, то мы правядзем мабілізацыю», - сказаў ён.

Пуцін пазбягае «эмацыйных заяў, каб яму не давялося дзейнічаць радыкальна, асабліва ў абставінах, калі ён не ўпэўнены, што мае рэсурсы дзейнічаць жорстка. Ва ўсякім крызісе ён аддае перавагу ўзяць паўзу і пачакаць», - кажа Вінаградаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках