18 жнiўня 2024, Нядзеля, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

УСУ пачалі прасоўвацца ў Курскай вобласці на новым адцінку фронту

5
УСУ пачалі прасоўвацца ў Курскай вобласці на новым адцінку фронту

Украінскае войска надыходзіць з заходняга боку адрэзку Глушкоўскага раёна.

На фоне знішчэння двух з трох мастоў, якія злучаюць поўдзень Глушкоўскага раёна з Курскай вобласцю, УСУ пачалі прасоўванне ў гэтым раёне з захаду, піша dialog.ua.

Расейскія СМІ пацвярджаюць, што ўкраінскія сілы да раніцы нядзелі фактычна знішчылі другі з трох мастоў праз раку Сейм, якія злучаюць паўднёвую частку Глушкоўскага раёна з астатняй часткай Курскай вобласці.

Мяркуючы па фота, па ацалелай частцы моста ўсё яшчэ праязджаюць легкавыя аўтамабілі. Аднак у цэнтры збудавання ўтварылася дзірка на некалькі метраў.

Ваенны аналітык Ян Мацвееў мяркуе, што дэ-факта мост ужо знішчаны, бо па ім ужо наўрад ці здолее прайсці цяжкая тэхніка.

Пра тое, што мост немагчыма выкарыстоўваць, напісаў і расейскі вайсковы блогер Юры Падаляка. Паводле яго звестак, забеспячэнне расейскага войска пераведзенае на пантонныя пераправы.

Як удакладняе «Агентство», адначасова УСУ пачалі прасоўванне з мэтай заняць поўдзень Глушкоўскага раёна, які расейскім сілам будзе цяпер цяжка паўнавартасна забяспечваць боепрыпасамі і харчаваннем.

У выніку на рацэ Сейм знішчаныя ўжо два з трох мастоў, якія злучаюць паўднёвую частку Глушкоўскага раёна з астатняй часткай.

Акрамя іх, крыху на ўсход ад пасёлка Глушкова расейскае войска яшчэ да пятніцы паспела навесці пантонную пераправу, пісаў OSINT-аналітык з нікам Moklasen у X і намеснік дырэктара расейскай праграмы Фонду абароны дэмакратыі Джон Хардзі. У якім стане яна зараз, не вядома.

Разам з тым украінскае войска пачало рух праз мяжу з заходняга боку адрэзку Глушкоўскага раёна.

Паводле звестак украінскага OSINT-праекта DeepState, у шэрай зоне тут ужо 16 кв. км, у тым ліку сяло Атруба.

Аднак блізкі да Мінабароны Расеі Тэлеграм-канал «Рыбарь» у справаздачы за суботу пісаў, што пакуль няма пацвярджэнняў, што УСУ занялі Атрубу.

Акрамя таго, паводле блога, працягваецца абстрэл Цёткіна, размешчанага ў трох км ад Атрубы, таксама ля самай мяжы. У асноўнай частцы зоны баявых дзеянняў у Курскай вобласці істотных змен за дзень не адбылося, баі ідуць, наносяцца ўдары з паветра па ўсёй лініі фронту, сведчаць звесткі справаздач «Мінабароны», «Рыбаря», DeepState і звесткі аб пажарах NASA.

Украінскае войска спрабуе пашырыць зону баявых дзеянняў на ўжо чацвёрты раён Курскай вобласці – Глушкоўскі. Руйнуючы ў гэтым раёне масты, УСУ адразаюць частку раёна ад астатняй расейскай тэрыторыі.

УСУ дэ-факта паўтараюць манеўр, з дапамогай якога ў 2022 годзе здолелі вярнуць Херсон. Калі манеўр будзе паспяховым, то зона баявых дзеянняў у Курскай вобласці пашырыцца ў 1,5 разу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках