5 снежня 2025, Пятніца, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Войніч: Аналітыка лідараў нацыі аказалася дакладнай

7
Андрэй Войніч: Аналітыка лідараў нацыі аказалася дакладнай
Андрэй Войніч

Пратэсты 2020 года рыхтаваліся доўга і грунтоўна.

Коардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч правёў у лукашэнкаўскіх турмах амаль пяць гадоў.

25 верасня 2020 года яго разам з іншымі актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» затрымалі сілавікі. Войніча асудзілі за «падрыхтоўку да масавых беспарадкаў» на сем гадоў калоніі.

11 верасня 2025 года ён быў вызвалены і прымусова дэпартаваны у Літву разам з іншымі былымі вязнямі сумлення.

У інтэрв’ю сайту Charter97.org Андрэй Войніч распавёў, чаго не хапіла ў 2020 годзе для перамогі, што дапамагала захоўваць сілы ў зняволенні і каго лічыць сапраўднымі лідарамі беларускай апазіцыі:

— З падзеяў 2020 года асабліва запомнілася агульная эмацыйная ўключанасць, маральны ўздым людзей і адчуванне адзінства. Было мноства момантаў, якія глыбока ўрэзаліся ў памяць. Нават у драбніцах праяўлялася атмасфера, што стварала асаблівы настрой.

Асабліва ўражвалі эпізоды, калі людзі спявалі на вуліцах і ў пераходах. Я нават здымаў на відэа некаторых выканаўцаў. Адна дзяўчына спявала настолькі шчыра і пранікнёна, што яе спевы кранулі да глыбіні душы. Гэта было ўражліва: слухаеш — і мурашкі па скуры.

Запомнілася і невялікая калонна людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі. Уперадзе ішоў хлопчык гадоў дзесяці са сцягам у руках, і ўсе навокал усміхаліся. Ягоная радасць і гонар сталі для мяне сімвалам таго часу. Падобныя імгненні і складаюць самыя яскравыя ўспаміны.

— Вы бачылі пратэсты знутры, адчувалі атмасферу вуліцы. Як вам здаецца, чаму тады не ўдалося даціснуць рэжым?

— Пратэсты рыхтаваліся доўга і грунтоўна. Існавала дакладная стратэгія і разуменне сітуацыі: што трэба рабіць і якім чынам.

Па сутнасці, было два асноўныя напрамкі. Першы — вулічныя акцыі. Яны прайшлі паспяхова. Другі — адмова большасці грамадзянаў ад супрацоўніцтва з рэжымам. Тут вынік аказаўся неадназначным. Напрыклад, страйкі не ўдаліся ў поўнай меры. Таксама заклікалі людзей не плаціць падаткі, камунальныя плацяжы, не здзяйсняць буйных пакупак, каб мінімізаваць фінансаванне рэжыму і яго рэпрэсіўнага апарату. Але дамагчыся гэтага цалкам не ўдалося.

Мы маглі ўплываць на вулічныя пратэсты — і ў гэтым дабіліся поспеху. Але на эканамічны супраціў у такой ступені ўздзейнічаць было немагчыма. Нерашучасць асобных людзей адбілася на выніку. Вядома, людзі мусілі працягваць жыць і забяспечваць свае сем’і — і гэта адыграла сваю ролю.

Можна прывесці канкрэтныя прыклады. Усе памятаюць, як планаваўся захоп Галоўпаштама ў Мінску, але нерашучасць асобных людзей прывяла да таго, што гэтага не адбылося. Ці выхад на дарогі: памятаю, як пасля Стэлы людзі пачалі займаць праезную частку, але некаторыя адгаворвалі, сцвярджаючы, што гэта небяспечна і няправільна. Яны не разумелі асноўны задум, і гэта сур’ёзна паўплывала на ход падзеяў.

Тым не менш гэта была буйная бітва — першая, але не апошняя. Нас чакаюць новыя выпрабаванні, магчыма, адно або два, але будзем спадзявацца, што іх будзе няшмат.

Гісторыя дае нам мноства прыкладаў барацьбы за свабоду. Польшча стагоддзямі знаходзілася пад ціскам Расійскай імперыі і камуністычнага рэжыму. У Лацінскай Амерыцы — Чылі, Аргенціна, Уругвай. Паўднёвая Афрыка і Індыя, дзе дзейнічаў Гандзі. І ўсюды ўрэшце свабода была заваяваная. Прыгнятальнікі заўсёды падаюць, рана ці позна.

— Пасля пратэстаў пачаліся рэпрэсіі, вас прысудзілі да сямі гадоў зняволення. Што стала самым цяжкім выпрабаваннем у турме? Што дапамагала трымацца ў зняволенні?

— Само пакаранне — гэта не тэрмін і не сцены турмы. Сапраўднае пакаранне — гэта людзі ў зняволенні. Каб вытрымаць, кожны шукае свае спосабы захаваць сябе. Для мяне гэта былі, ізноў жа, людзі побач са мной, якія дапамагалі. Такіх было няшмат, але яны адыгрывалі велізарную ролю.

І яшчэ — падтрымка з волі. Лісты, якія даходзілі, чуткі, перададзеныя праз выпадковых зняволеных, прывітанні ад знаёмых і незнаёмых. Нават такія маленькія знакі падтрымкі надавалі сілы. Найважнейшае — ведаць, што ты не адзін. Гэта галоўны фактар, які трымаў мяне на плыву.

— Ваша «вызваленне» аказалася прымусовай дэпартацыяй. Што вы адчулі, калі замест свабоды вас вывезлі з роднай краіны?

— Шчыра кажучы, я быў ашаломлены тым, што адбывалася. І сам тэрмін «дэпартацыя» тут непрымянім. Мяне не выслалі з чужой краіны, мяне выгналі з уласнай. Гэта не дэпартацыя, а выгнанне. Калі казаць пра «абмен», то сама ідэя перамоваў, дзе людзі выступаюць прадметам таргу, абсалютна непрымальная. Перамовы павінны весціся выключна паміж рэжымам і беларускім народам.

Магчыма ўдзел назіральнікаў, але не старонніх гульцоў. Канфлікт ідзе менавіта паміж рэжымам і грамадствам. Беларусы павінны самі вызначыць, чаго яны хочуць. Рэжым Лукашэнкі забыў, што ён усяго толькі дэлегат народа. Гэта неабходна нагадаць. Любыя перамовы павінны быць празрыстымі, і кожны беларус мае права ведаць, што абмяркоўваецца, якія ўмовы вылучаюцца і кім.

— З 2020 года мінула ўжо пяць гадоў. Што змянілася ў беларускім грамадстве, нягледзячы на рэпрэсіі і вайну?

— Беларускае грамадства стала больш кансалідаваным. Прычым не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Людзі, якія з’ехалі яшчэ да 2020 года, пасля пратэстаў пачалі актыўна аб’ядноўвацца. Яны ўспомнілі, што яны беларусы. Тыя ж, хто застаўся ў Беларусі, адчулі гэта яшчэ мацней. Гэта галоўная змена.

— Якім вы бачыце будучыню Беларусі? Што б вы хацелі сказаць беларусам, якія працягваюць жыць пад дыктатурай?

— Найгалоўнае — у беларусаў з’явіліся новыя лідары і героі. Мікалай Статкевіч — і лідар, і герой. Яго ўнёсак немагчыма апісаць словамі. Тое, што ён зрабіў, вырашыўшы застацца ў Беларусі, увайдзе ў гісторыю. Але паралельна з’явіліся і псеўдалідары, антыгераі, прыстасаванцы. Гэта непазбежна.

2020 год паказаў, хто ёсць хто. Хто з’яўляецца рэальнай сілай, а хто толькі бачнасцю. Пратэсты рыхтаваліся задоўга і былі вынікам сур’ёзнай аналітыкі. Мікалай Статкевіч і каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, Павал Севярынец загадзя папярэджвалі: калі пачнуцца пратэсты, выйдзе велізарная колькасць людзей. Так і адбылося.

Аналітыка лідараў нацыі аказалася дакладнай. Таму сёння неабходна прыслухоўвацца да тых, хто тады меў рацыю. Рабіць высновы з мінулага і рухацца ў будучыню. Ёсць прыклады, ёсць прэцэдэнты. Трэба абапірацца на тое, што працуе і даказала сваю эфектыўнасць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках