7 траўня 2026, Чацвер, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: рэжым не зможа ўтрымацца пасля сыходу Лукашэнкі

5
Палітолаг: рэжым не зможа ўтрымацца пасля сыходу Лукашэнкі

З'явіцца акно магчымасцяў.

Сыход Лукашэнкі — самы верагодны сцэнар, што дае старт пераменам у Беларусі. Пра гэта піша палітычны аналітык Валер Карбалевіч на сайце «Позірк». Паводле яго, пасля сыходу дыктатара рэжым не можа застацца ў ранейшым выглядзе.

«Уся сістэма ўладных інстытутаў і механізмаў скроеная і сшытая пад аднаго чалавека, па яго вобразе і падабенстве, і замкнёная на ім, — піша Карбалевіч. — Функцыянаваць яна здольная толькі дзякуючы пастаянным і актыўным імпульсам, якія зыходзяць ад кіраўніка, і адначасова — жорсткаму падаўленню ўсіх іншых палітычных фактараў як у межах сістэмы, так і па-за ёй».

Сыход Лукашэнкі на пэўны час створыць сітуацыю ступару ўлады, можа, нават вакууму, адкрые тое самае акно магчымасцяў. І ў гэты момант на палітычную арэну могуць выйсці самыя розныя сілы, у тым ліку тыя, якіх мы цяпер не бярэм у разлік, лічыць палітычны аналітык.

«Перш за ўсё, вядома, палітычным суб'ектам паспрабуе стаць кіроўная наменклатура, — піша ён. — Цяпер яна ў асноўным з'яўляецца інструментам у руках Лукашэнкі. Але ў яе ёсць уласныя інтарэсы, якія цяпер падаўляюцца. І гэтыя інтарэсы ў розных частак эліты розныя. Паміж імі ўзнікнуць канфлікты. Можна дапусціць, што гэты працэс набудзе форму супрацьстаяння органаў улады».

Мала хто сумняваецца, што Масква сапраўды будзе імкнуцца кантраляваць транзіт улады ў Беларусі. Аднак тут няма фатальнай прадвызначанасці.

«Пачнём з таго, што ў сучаснай Расіі няма досведу, калі б яна ставіла свайго пратэжэ ў краінах постсавецкай прасторы, — адзначае Карбалевіч. — Умешвацца ў палітычную барацьбу, каб падтрымаць прарасійскага кандыдата або партыю, якія ўжо дзейнічаюць у гэтых дзяржавах, — такое адбываецца раз за разам. Але даслаць сюды ўмоўнага Міхаіла Мураўёва у якасці губернатара, як гэта было ў 1863 годзе, для падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, — гэта малаімаверна.

Бо трэба правесці пераемніка Лукашэнкі праз працэдуру прэзідэнцкіх выбараў. А як паказаў досвед 2020 года, любыя, нават кантраляваныя выбары нясуць у сабе рызыку палітычнага ўзрушэння».

Зварот да 2020 года ў гэтым кантэксце невыпадковы. Тады Захад павольна рэагаваў на палітычны крызіс у Беларусі, разглядаючы яго як унутраную гуманітарную праблему.

«Дарэчы, з палітыкаў суседніх краін ідэю дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі як неабходнай умовы фармавання надзейнай сістэмы рэгіянальнай бяспекі неаднаразова ўздымаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, — адзначае Карбалевіч. — Логіка ягоных разваг зразумелая. Калі ўдасца дасягнуць перамір'я на фронце, то адразу ж паўстане пытанне: што рабіць з велізарнай мяжой Украіны з Беларуссю? Расія можа выкарыстаць яе для нападу, як гэта было тры гады таму.

Таму ў Кіеве лічаць, што без развязання беларускага пытання немагчыма гаварыць пра трывалы мір. А як яго вырашыць? Толькі шляхам інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую супольнасць. Раней Зяленскі заяўляў, што паўночны сусед павінен стаць часткай ЕС. У сваім звароце з нагоды надыходу 2025 года украінскі лідар паўтарыў лозунг беларускіх дэмакратычных сіл «Жыве Беларусь!»

А ў лютым у сваёй прамове на Мюнхенскай канферэнцыі прэзідэнт Украіны заявіў: «Мая прапанова: усходняя мяжа Украіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі. Гэта самая трывалая лінія бяспекі для ўсіх нас у Еўропе, бо гэта лінія міжнароднага права».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках