Алесь Бяляцкі: Лукашэнка разумее толькі мову сілы
5- 15.12.2025, 11:58
- 4,074
Былы вязень беларускага рэжыму заклікаў узмацніць ціск на Мінск.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі у нядзелю прыбыў на інтэрв’ю адразу пасля візіту да стаматолага ў Вільні, куды яго выслаў рэжым Лукашэнкі, піша Associated Press (пераклад — сайт Charter97.org).
63-гадовы ветэран праваабарончага руху выглядаў бледным, стомленым і моцна знясіленым, вяртаючыся да звыклага жыцця пасля больш як чатырох гадоў, праведзеных за кратамі ў Беларусі.
Медыцынская дапамога ў папраўчай калоніі, дзе ён адбываў 10-гадовы тэрмін, была надзвычай абмежаванай, распавёў Бяляцкі ў сваім першым падрабязным інтэрв’ю пасля выхаду на волю. Паводле ягоных слоў, пры праблемах з зубамі існаваў толькі адзін «метад лячэння» — выдаленне.
Ён успамінае, што ў раннія гадзіны суботы знаходзіўся ў перапоўненай камеры калоніі №9 на ўсходзе Беларусі, калі яму раптам загадалі сабраць рэчы. З завязанымі вачыма яго кудысьці павезлі. «Мне надзелі павязку на вочы. Я часам спрабаваў зразумець, куды мы едзем, і толькі ўсвядоміў, што рухаемся на захад», — распавёў ён.
У Вільні Бяляцкі ўпершыню за многія гады абняў жонку.
«Калі я перасек мяжу, было такое адчуванне, быццам усплыў з дна мора на паверхню. Там — паветра, сонца, а дагэтуль ты знаходзіўся ў зусім іншых умовах, пад пастаянным ціскам», — сказаў ён AP.
Бяляцкі апынуўся сярод 123 зняволеных, вызваленых у абмен на зняцце ЗША санкцыяў з беларускага калійнага сектара — ключавой галіны эканомікі краіны.
Бяляцкі быў удастоены Нобелеўскай прэміі міру у 2022 годзе, знаходзячыся ў турме і чакаючы суда. Яго арыштавалі ў 2021 годзе падчас маштабных рэпрэсіяў пасля масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія апазіцыя і Захад назвалі сфальсіфікаванымі. Тады дзясяткі тысяч людзей былі затрыманыя, многія падвергліся збіццю, сотні тысяч выехалі з краіны.
Паводле ягоных слоў, фізічнаму гвалту ён не падвяргаўся — статус нобелеўскага лаўрэата забяспечыў яму пэўную абарону. Аднак ён перажыў усё тое, што перажываюць многія палітвязні ў Беларусі: адзіночныя камеры, адвольныя пакаранні за дробныя парушэнні, адсутнасць спатканняў з блізкімі і рэдкія лісты.
«Мы можам казаць пра бесчалавечнае абыходжанне, пра стварэнне ўмоваў, якія прыніжаюць чалавечую годнасць», — адзначыў ён.
Як і іншых палітвязняў, Бяляцкага абвясцілі «схільным да экстрэмізму» і абавязалі насіць жоўтую нашыўку. Яму забаранілі сустрэчы з жонкай, а пасылкі з лекамі часта не даходзілі.
Ён выказаў занепакоенасць лёсам палітвязняў, што застаюцца за кратамі, і паабяцаў працягваць змаганне за іх вызваленне. Бяляцкі мае намер працягваць працу з праваабарончым цэнтрам «Вясна», які быў вымушаны пераехаць у Вільню, але застаецца ключавой арганізацыяй маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Ён дадаў, што разлічвае на міжнародную салідарнасць і ціск на беларускія ўлады, «якія разумеюць толькі мову сілы».