Беспілотнікі дабраліся да Пермскага краю: пацярпеў найбуйнейшы вытворца метанолу ў РФ
4- 14.09.2025, 11:28
- 7,496
Завод знаходзіцца каля 1600 кіламетраў ад Украіны.
Уначы Сілы абароны Украіны атакавалі завод «Метафракс Кемікалс» у Пермскім краі РФ.
Гэта прадпрыемства — адзін з найбуйнейшых вытворцаў метанолу ў Расіі. Факт атакі пацвердзілі расійскія ўлады, перадае Dialog.UA.
Аб’ект знаходзіцца прыкладна за 1600 кіламетраў ад Украіны, то-бок для яго паражэння Украіна выкарыстала свае дальнабойныя БПЛА.

Мясцовыя ўлады пацвердзілі факт удару па прамысловым аб’екце, не ўдакладніўшы, якое менавіта прадпрыемства пацярпела. Яны заявілі, што «пацярпелых няма», што вытворчасць нібыта працуе ў звычайным рэжыме і «нічога не пагражае бяспецы жыхароў».
«Метафракс Кемікалс» знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі і Украіны. У санкцыйных дакументах ён згадваецца як прадпрыемства, якое прыносіць выгаду або падтрымлівае ўрад РФ, дзейнічаючы ў стратэгічна важным сектары, у тым ліку ў абароннай прамысловасці.
«Метафракс Кемікалс» вырабляе хімічную прадукцыю — метанол і яго вытворныя, якія выкарыстоўваюцца ў ваеннай прамысловасці, напрыклад, пры вырабе паліва для ракет і выбуховых рэчываў.
У лютым 2024 года «Метафракс Кемікалс» перайшло пад кіраванне кампаніі «Росхім» (JSC Roschem), што падкрэслівае ўзмацненне дзяржаўнага кантролю над хімічнай вытворчасцю. Акрамя таго, у верасні 2023-га расійскі суд прызнаў прыватызацыю «Метафракса» 1992 года незаконнай і пастанавіў канфіскаваць у папярэдніх уладальнікаў 94,2% акцый прадпрыемства, матывуючы гэта парушэннем «эканамічнага суверэнітэту Расійскай Федэрацыі і яе абараназдольнасці».
«Метафракс Кемікалс» — гэта не проста бізнес-хімія. Гэта ключавое звяно ў ланцужку, які абслугоўвае ваенную машыну Пуціна. Паражэнне такога аб’екта — гэта сур’ёзны поспех Сіл абароны Украіны.