У Беларусі заўважылі найноўшы расійскі БТР-22
9- 14.09.2025, 12:50
- 13,778
Недалёка ад мяжы з Польшчай.
У горадзе Гродна, паблізу ад якога знаходзіцца Гожскі палігон, быў заўважаны расійскі бронетранспарцёр БТР-22, які ўдзельнічае ў расійска-беларускіх вучэннях «Захад-2025».
Як адзначае ваенны партал Defense Express, месцазнаходжанне расійскага БТР-22, які быў заўважаны на вуліцы Кірава, вызначыў Telegram-канал Military Journal.
У Defense Express мяркуюць, што расіяне маглі наўмысна зліць фота гэтага БТР у сеціва ў межах нягласнай кампаніі дэманстрацыі сілы перад Польшчай. Уключаючы залёт «Гербер» на тэрыторыю краіны, а таксама дзве пускавыя ўстаноўкі ракетнага комплексу «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці Расіі.

Адзначаецца, што з’яўленне БТР-22 нават так блізка да тэрыторыі Польшчы не з’яўляецца чымсьці кардынальна незвычайным. Усё ж такі гаворка ідзе пра машыну, якая ўпершыню была прадстаўлена даволі нядаўна — два гады таму, на форуме «Армія-2023».
Як патлумачылі ў Defense Express, БТР-22 — гэта, па сутнасці, такі сабе «бюджэтны «Бумеранг». Гэта яго неафіцыйнае абазначэнне, бо падчас першай дэманстрацыі ён фігураваў як БТР-82А («удасканалены»). Нават самі расіяне прызнавалі, што БТР-22 — гэта праект, які адстаў больш як на 20 гадоў ад цяперашніх рэалій — па сутнасці, у гэтым бронетранспарцёры яны спрабавалі «пераасэнсаваць» праект БТР-87.
У той жа час у 2023 годзе БТР-22 паказвалі на выставе з баявым аддзяленнем БППУ, пры гэтым заяўлялася магчымасць усталявання на ім дыстанцыйна кіраванага баявога модуля «Баліста» з 30-мм гарматай 2А42, кулямётам ПКТМ і пускавымі ўстаноўкамі ПТРК «Конкурс-М».
Адзначаецца таксама, што машына атрымала масу ў 20 тон і рухавік магутнасцю 330 конскіх сіл. Акрамя таго, заяўлялася, што БТР-22 мае магчымасць пераадольваць водныя перашкоды.
«І калі ўжо мы кажам пра тое, што БТР-22 засвяціўся ў Беларусі, дык варта ўзгадаць, што раней сёлета беларусы праз 15 гадоў урэшце змаглі прыняць на ўзбраенне ўласны БТР Volat V-2», — адзначылі ў выданні.