Z-прапагандыст публічна прызнаў правал вайны ва Украіне
4- 14.09.2025, 16:24
- 19,358
Ключавыя мэты не былі дасягнутыя.
Расійскі Z-ваенкар Юрий Котенок заявіў, што за тры з паловай гады вайны стратэгічныя задачы Масквы не выкананыя. І ў бліжэйшыя гады выкананыя не будуць.
Пра гэта паведамляе «Диалог».
Паводле яго слоў, абвешчаныя Крэмлём спробы «дэмілітарызаваць» Украіну, то-бок пазбавіць яе ваеннай моцы, не прынеслі чаканага выніку. Наадварот, украінцы ўмацаваліся за час вайны. Котенок наўпрост сказаў, што пры цяперашняй хуткасці наступу захоп Данбаса зойме гады.
«Паводле прыблізных разлікаў, калі мы ў такіх жа тэмпах будзем прасоўвацца, ламаючы абарону праціўніка, (…), то мы будзем гадамі ісці. Гадамі! (…) Калі ў такіх тэмпах будзем ісці наперад, крывёю і потам выгрызаючы дзесяткі-сотні метраў у дзень, ад года да паўтара года толькі тэрыторыю «ДНР» нам «вызваляць»», — паскардзіўся крамлёўскі прапагандыст.
Ён падкрэсліў, што ключавыя мэты агрэсіі, абвешчаныя дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным у 2022 годзе, правалены.
«Ключавыя мэты, на мой погляд, «СВА» — гэта «дэмілітарызацыя» Украіны і «дэнацыфікацыя». Наколькі мы да гэтага наблізіліся, давайце паглядзім. У нас прайшло фактычна тры гады… Калі казаць сур'ёзна і шчыра, то мы на пачатку вялікага шляху, нягледзячы на тое, што столькі крыві праліта, якія страты, якія разбурэнні», — сказаў Котенок.
Ён таксама канстатаваў сур'ёзнае тэхналагічнае адставанне ў беспілотнай сферы.
«Украіна ўжо фактычна ў НАТА, яна палігон НАТА! (…) Дагэтуль у нас існуе праблема: праціўнік пераўзыходзіць нас па дронах. Раней на пачатку гэтага года ў нас былі суадносіны 1:4, то-бок на 1 наш дрон прыпадае 4 праціўніка. Гэта сур'ёзна! (…) На Украіну фактычна працуе кансалідаваная Еўропа. Праблема ёсць! А гэта вайна дронаў. Дроны змянілі літаральна ўсё», — заявіў Z-ваенкар.
Ён паскардзіўся, што з-за БПЛА расійскім акупантам даводзіцца вельмі няпроста на перадавой.
«У нас байцы, якія выконваюць баявую задачу, часта адрэзаныя ад асноўных сіл, бо падвоз немагчымы. Плячо падвозу — 10 км, усю гэтую тэрыторыю кантралююць дроны праціўніка. Яны 3–5 сутак без вады і ежы. БК адстрэльваюць вельмі акуратна, бо ўжо на зыходзе», — заявіў Котенок.