У Кітаі ў інстытут паступіў робат-гуманоід
4- 21.09.2025, 20:27
- 4,222
Відэа.
У дактарантуру Шанхайскага тэатральнага інстытута (ШТІ) у Кітаі прынялі ў якасці студэнта робата-гуманоіда «Сюэба 01» (Xueba 01, «Выдатнік 01»). Пра гэта 21 верасня паведамляе «Сіньхуа».
Першы робат-студэнт цягам чатырох гадоў будзе вучыцца на факультэце сцэнічных мастацтваў, яго спецыяльнасць — «дызайн лічбавых прадстаўленняў», адзначае агенцтва. «Сюэба 01», у прыватнасці, вывучыць базавыя рухі, комплексы практыкаванняў і тэхніку выканання традыцыйных кітайскіх опер.
Пазнаёмцеся з Xueba 01 — першым у Кітаі робатам-аспірантам у Шанхайскай тэатральнай акадэміі! Ён вывучае дызайн лічбавых выступленняў на кафедры сцэнадызайну і ў наступныя 4 гады будзе асвойваць рухі, комплексы і іншае з традыцыйнай кітайскай оперы. #FutureChina pic.twitter.com/zyPvq6pGcK
— China Xinhua Sci-Tech (@XHscitech) 21 верасня 2025
Агенцтва «Сіньхуа» апісала робата так: яго рост — 1,75 метра і вага — 32 кг, ён апрануты ў блакітную кашулю з кароткім рукавом.
Адзін з навуковых кіраўнікоў праекта «Сюэба 01» Лі Цынду (ён выканаўчы дырэктар Інстытута машыннага інтэлекту Шанхайскага політэхнічнага ўніверсітэта) патлумачыў, што «Сюэба 01» — аптымізаваная версія робата «Сіньчжэ №2», які сёлета заняў трэцяе месца ў пекінскім паўмарафоне з удзелам чалавекападобных робатаў.
«Сюэба 01» можа «выконваць» партыі з хэнаньскіх, шанхайскіх і пекінскіх опер, але яго рухам па-ранейшаму не стае плыўнасці і эстэтычнай прывабнасці. Нам трэба навучыць яго вучыцца ў прафесійных выканаўцаў», — патлумачыў ён неабходнасць навучання ў дактарантуры.
Паводле слоў Лі Цынду, «Сюэба 01» мае біяміметычную структуру сухажылляў і тэхналогію рэалістычнага твару з больш як сотняй «чалавекападобных выразаў», робат здольны выконваць «тонкія рухі», узаемадзейнічаць у рэжыме рэальнага часу, а таксама «гнутка рэгуляваць свой рост і знешні выгляд».
Бесперапынна працаваць робат можа на працягу шасці гадзін, піша агенцтва.