Японія накіравала місію да спадарожніка Марса ў пошуках вытокаў жыцця
1- 22.10.2026, 12:08
Апарат сабярэ ўзоры грунту на Фобасе.
Японія накіравала да Марса касмічны апарат MMX, якому ўпершыню ў гісторыі трэба будзе сабраць узоры грунту з аднаго са спадарожнікаў Чырвонай планеты і даставіць іх на Зямлю. Навукоўцы спадзяюцца высветліць, як утварыліся Фобас і Дэймас, і атрымаць новыя звесткі пра паходжанне Сонечнай сістэмы і жыцця. Вяртанне апарата запланавана на 2031 год, піша The Guardian (пераклад — сайт Charter97.org).
Апарат стартаваў на японскай ракеце з вострава Танэгасіма. Праект коштам 578 млн долараў аб’ядноўвае пяць касмічных агенцтваў. Да арбіты Марса MMX павінен дабрацца ў жніўні 2027 года.
Пасля апарат выпусціць франка-нямецкі даследчы ровер «Ідэфікс». Ён правядзе каля 100 дзён на паверхні Фобаса, даследуючы рэльеф і падбіраючы прыдатнае месца для пасадкі асноўнага модуля.
Той павінен сабраць не менш за 10 грамаў грунту, пасля чаго накіруецца назад да Зямлі.
«Гэта ўнікальны шанец, які выпадае раз у жыцці. Мы ўдзельнічаем у першай місіі па дастаўцы ўзораў з сістэмы Марса», — заявіў кіраўнік праекта ровера нямецкага касмічнага агенцтва Маркус Грэбенштайн.
Навукоўцы разглядаюць дзве асноўныя гіпотэзы. Паводле першай, Фобас і Дэймас утварыліся з асколкаў пасля сутыкнення Марса з буйным нябесным целам. Паводле другой версіі, гэта астэроіды, захопленыя гравітацыяй планеты.
«Тут шмат адрэналіну, хвалявання і адчування цуду», — расказаў астрафізік НАСА Том Статлер, які ўдзельнічае ў праекце.
Вынікі місіі дапамогуць падрыхтаваць будучыя экспедыцыі да Марса, у тым ліку пілотаваныя. Кітай таксама плануе даставіць марсіянскія ўзоры на Зямлю — яго місія можа стартваць прыкладна ў 2028 годзе.