У Беларусі з'явіўся анлайн-калькулятар кошту кватэр
- 6.10.2026, 17:20
Разлік робіцца на падставе дадзеных аб рэальных здзелках.
У Беларусі запрацаваў бясплатны анлайн-сэрвіс, які дазваляе даведацца прыблізную рынкавую вартасць кватэры ў Мінску і абласных цэнтрах. Яго запусціла Нацыянальнае кадастравае агенцтва.
Для разліку дастаткова пазначыць адрас, колькасць пакояў, плошчу і тып аздаблення. Астатнія характарыстыкі сістэма часткова вызначае аўтаматычна і фармуе аналітычную справаздачу з коштам кватэры.
У аснове мадэлі — дадзеныя пра больш як 175 тыс. рэальных здзелак з жыллём, зарэгістраваных з 2018 года. То-бок сэрвіс арыентуецца не на цэны з аб'яў, а на фактычную вартасць прададзеных кватэр.
Пры разліку ўлічваецца больш за 15 параметраў. Сярод іх — месцазнаходжанне дома, паверх, плошча кватэры, матэрыял сцен, год уводу будынка ў эксплуатацыю, мікрараён, транспартная даступнасць, блізкасць да метро і іншыя характарыстыкі.

Паводле даных Дзяржкаммаёмасці, сярэдняя памылка мадэлі складае 5,59% для Мінска і 6,53% для абласных цэнтраў.
Першапачаткова сэрвіс працаваў толькі для сталіцы і быў навучаны прыкладна на 90 тыс. здзелак. Летам 2026 года яго пашырылі на ўсе абласныя цэнтры, а аб'ём дадзеных павялічылі.
Карыстацца сэрвісам можна бясплатна, аднак дзейнічае абмежаванне — не больш за 10 запытаў у суткі.
Пры гэтым у Дзяржкаммаёмасці асобна папярэджваюць: аўтаматычны разлік не замяняе незалежную ацэнку нерухомасці. Яго вынік варта разглядаць як арыентыр для прадаўца або пакупніка.