Амерыканец знайшоў дыямант коштам $1 млн
- 6.10.2026, 20:03
- 1,054
Момант знаходкі мужчына трансляваў у сацсетках.
Жыхар ЗША Джэк Пірадзін, які больш за дванаццаць гадоў захапляецца пошукам дыямантаў, выявіў у штаце Арканзас камень вагой 6,03 карата. Яго кошт можа дасягаць $1 млн, піша New York Post.
Пірадзін разам з сябрам Майклам Шумахерам з Вісконсіна перасейвалі пароду ў кратары дыямантаў — дзяржаўным парку, дзе з 1972 года знойдзена больш за 37 тысяч дыямантаў. Момант знаходкі мужчына трансляваў у TikTok.
«Мы знайшлі вялікі!» — крычаў ён, калі жвір з вядра высыпалі на стол і паказаліся грані каменя.
Дыямант стаў найбуйнейшай знаходкай года ў парку. Пірадзін сцвярджае, што калекцыянеры ацанілі яго ў $1 млн. Аднак вопытная ацэншчыца Лаўра Стэнлі з Літл-Рока лічыць, што жоўты дыямант такой якасці можа каштаваць каля $250 тысяч — часткова дзякуючы паходжанню.
Парк бярэ $15 за ўваход і дазваляе наведвальнікам напаўняць 18-літровае вядро пародай, пакідаючы сабе ўсе знойдзеныя камяні. Большасць дыямантаў важыць каля чвэрці карата і каштуе некалькі сотняў долараў. Найбуйнейшы дыямант у гісторыі ЗША вагой 40,23 карата, вядомы як «Дзядзька Сэм», быў знойдзены тут у 1924 годзе.
Мужчына плануе падзяліць прыбытак ад продажу каменя з Шумахерам і адкрыць уласную шахту па здабычы крышталяў.