Гэтая фраза стала мемам
1- Вадзім Дзянісенка
- 8.10.2026, 16:10
- 2,308
Хто «падмануў» Пуціна.
Вышэйшае расійскае кіраўніцтва чарговы раз заявіла, што Еўропа падманула Расію. Гэтая фраза ўжо не выклікае здзіўлення і даўно стала мемам.
Але насамрэч яна з’яўляецца архетыпічнай для Пуціна ў прыватнасці і для расіян увогуле.
1. Пачаць варта з кананічнай біяграфіі Пуціна «Ад першай асобы», што выйшла яшчэ да таго, як ён упершыню балатаваўся ў прэзідэнты РФ. Там ёсць вельмі паказальны эпізод: на адной з трэніровак Пуціна паставілі ў спарынг з чальцом зборнай СССР. Пуцін узяў верх, але перамогу прысудзілі суперніку, бо той быў «зборнікам», — з крыўдай узгадвае Пуцін у сваёй біяграфіі.
Такую дурасць можна было б і не згадываць «выдатнаму дзюдаісту». Але ён не можа гэтага не згадаць. Бо на гэтым будуецца адзін з базавых міфаў Пуціна, які ён пераносіць на ўсю Расію: Пуціна (Расію) можна перамагчы толькі падманам. Усе свае паразы і няўдачы ён трактуе як падман з боку тых, каму ён чамусьці быў вымушаны паверыць.
2. «Рускі свет» — гэта ідэалагема, у якой гісторыя цалкам перамагла філасофію. Пры гэтым самая гэтая гісторыя падстройваецца пад канкрэтныя задачы сённяшняга дня. Дык вось, уся гісторыя Расіі (якая, нагадаю, з’яўляецца ідэалогіяй) у інтэрпрэтацыі Пуціна — пра тое, як Расію падманвалі, але яна ўвесь час вяртала сабе тую самую праўдзівую гісторыю, якую нельга перапісваць.
3. На пэўным этапе да гэтага падману дадаліся здраднікі, хоць Пуцін усё яшчэ асцерагаецца ўголас крытыкаваць, напрыклад, Леніна. А вось Гарбачоў на апошнім Валдаі канчаткова перайшоў у разрад здраднікаў, і я не здзіўлюся, калі заўтра Мядзінскі зноў перапіша падручнік гісторыі, хоць «перапісваць гісторыю нельга».
4. Падман як прычына ўсіх параз — базавы міф сучаснай Расіі. І без яго разумення вельмі складана аналізаваць тое, што кажа і робіць Уладзімір Пуцін.
Вадзім Дзянісенка, «Фэйсбук»