Прэм'ер Даніі адмовілася прадстаўляць Еўропу на перамовах з РФ
2- 11.11.2026, 9:36
Кандыдатура будзе абмяркоўвацца ў Дубліне.
Прэм'ер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн адмовілася прадстаўляць Еўропу на перамовах з расіянамі наконт завяршэння вайны ва Украіне.
Як паведаміў дацкі тэлеканал DR, прэм'ер-міністр не сказала, хто, на яе думку, павінен прадстаўляць Еўропу на перамовах з Крэмлём.
«Мы абмяркуем гэта сёння ўвечары, а таксама пазней у Дубліне», — адказала прэм'ер.
На ўдакладняльнае пытанне журналістаў, ці хацела б яна сама стаць прадстаўніком Еўропы, Фрэдэрыксэн адказала адмоўна.
«Не. Я спадзяюся быць часткай голасу Еўропы. Але нашы ўстановы павінны быць у цэнтры нашай працы», — сказала яна.
Акрамя таго, паводле дадзеных выдання Bloomberg, еўрапейскія чыноўнікі знаходзяцца ў Абу-Дабі, дзе праходзяць трохбаковыя перамовы паміж Украінай, ЗША і Расіяй, але далучацца да іх толькі ў выпадку значнага прагрэсу.
У той жа час Еўропа настойвае, што Крэмль спачатку павінен спыніць вайну, а ўжо пасля гэтага абмяркоўваць архітэктуру бяспекі кантынента.
Перамовы ў Абу-Дабі
10 лістапада 2026 года ў Абу-Дабі (ААЭ) пачаўся новы раунд трохбаковых перамоваў паміж Украінай, ЗША і Расіяй па завяршэнні вайны. Першы дзень сустрэчы цягнуўся каля 4,5 гадзіны. У перамовах удзельнічалі прадстаўнікі ўкраінскай і расійскай дэлегацый, а таксама спецыяльныя прадстаўнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер. Перад трохбаковаю сустрэчай украінскі бок правёў кансультацыі з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, НАТА і Еўракамісіі.
Сярод ключавых пытанняў — спыненне баявых дзеянняў, гарантыі бяспекі для Украіны і гуманітарныя пытанні. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што бакі абмяркоўваюць магчымасць маштабнага абмену палоннымі паводле формулы «1000 на 1000» або «1500 на 1500». Паводле яго слоў, расійская дэлегацыя таксама ўзнімала тэрытарыяльнае пытанне.
Працяг перамоваў запланаваны на 11 лістапада.