Лукашэнка актывізуе ўнутраныя войскі на межах
1- 20.11.2026, 12:26
Рыхтуюцца маштабныя вучэнні.
Сілавікі Лукашэнкі рыхтуюцца да маштабных вучэнняў унутраных войскаў, а ваенная частка ў Гомелі, размешчаная непадалёк ад мяжы з Украінай, атрымае новае ўзбраенне адной з першых. Пра гэта заявіў камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпенкаў падчас размовы з асабовым складам ваеннай часткі 5525.
Гомельскую ваенную частку ўзброяць першай
Паводле інфармацыі Telegram-канала ўнутраных войскаў, Карпенкаў паабяцаў, што падраздзяленні і далей будуць закупляць сучасную тэхніку, зброю і экіпіроўку. Ваенная частка ў Гомелі, паводле яго слоў, стане адной з першых, хто атрымае новае ўзбраенне, паколькі знаходзіцца «на вастрыі перадавой».
Байцам паставілі задачу павышаць вытрываласць і маральна-псіхалагічную ўстойлівасць да дзеянняў у асаблівых умовах. Акрамя таго, іх прымусяць асвойваць БПЛА і сродкі радыёэлектроннай барацьбы, а таксама вучыцца шукаць і знішчаць ДРГ.
Што вядома пра вучэнні
Карпенкаў паведаміў, што ў найбліжэйшы час пройдзе маштабнае вучэнне пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Падрабязнасцяў пра тэрміны, месца і маштаб камандуючы не прывёў.
Нядаўна праверылі баявую гатоўнасць Віцебскай брыгады, і вынікі аказаліся не бездакорнымі. «Зусім нядаўна адбылася праверка баявой гатоўнасці Віцебскай брыгады, па выніках якой выявілі шэраг момантаў, якія неабходна выправіць», — расказаў камандуючы.
Завяршаючы выступленне, Карпенкаў заклікаў вайскоўцаў ісці ў нагу з часам, бо «мы — нашчадкі войскаў НКВД».