Вярхоўны суд Іспаніі амніставаў лідара каталонскіх сепаратыстаў
- 23.11.2026, 18:14
Крымінальная справа закрыта.
У панядзелак Вярхоўны суд Іспаніі вынес пастанову, якой прымяняе амністыю ў дачыненні да прэзідэнта сепаратысцкай партыі Junts і былога кіраўніка рэгіянальнага ўрада Каталоніі Карлеса Пучдэмона і канчаткова закрывае справу аб рэферэндуме аб незалежнасці Каталоніі, паведамляе El Mundo.
Акрамя былога кіраўніка каталонскага ўрада, Крымінальная палата таксама прызнае спыненне магчымай крымінальнай адказнасці былых членаў урада Антоні Коміна і Луіса Пуча.
Такім чынам, суд пацвердзіў рашэнне, прынятае суддзёй Паблам Льярэнам, які закрыў папярэдняе расследаванне ў дачыненні да ўсіх іх і перадаў справу ў Палату для вынясення рашэння.
Льярэна скасаваў абвінаваўчы акт у дачыненні да трох падсудных у адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага суда, якое прадугледжвала іх амністыю.
Зацвярджэнне гэтага рашэння заставалася за Крымінальнай палатай, якая разглядала справу лідараў каталонскага руху за незалежнасць.
Канстытуцыйны суд Іспаніі ў кастрычніку прыняў рашэнне, якое адкрыла шлях да вяртання Пучдэмона ў Іспанію. Аднак нядаўна былы лідар Каталоніі заявіў, што пакуль не збіраецца вяртацца ў Іспанію ў сувязі з перадвыбарчай кампаніяй да датэрміновых выбараў 29 лістапада.
У 2023 годзе прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэса вылучыў прапанову аб амністыі ў абмен на падтрымку ў парламенце дзвюх каталонскіх сепаратысцкіх партый.
У наступным годзе Вышэйшы суд Каталоніі ўпершыню прымяніў закон аб амністыі каталонскіх сепаратыстаў да палітыка і паліцэйскага, асуджаных за дзеянні, звязаныя з незаконным абвяшчэннем незалежнасці іспанскай аўтаноміі.
Адзначалася, што закон аб амністыі наўпрост не датычыўся былога лідара каталонскіх сепаратыстаў Карлеса Пучдэмона, які знаходзіцца ў добраахвотным выгнанні ў Бельгіі.