«Ніколі б не падумала, што па маёй роднай вёсцы будзе шастацца мядзведзь»
- 24.11.2026, 12:47
Крык душы жыхаркі Ушацкага раёна.
Жыхарка Беларусі распавяла ў TikTok, што ў вёсцы Адворня на Ушаччыне рэгулярна з'яўляюцца мядзведзі. Паводле яе слоў, звяроў як мінімум двое: адзін вялікі, другі меншы. Відэа набрала 38 тысяч праглядаў, піша «Онлайнер».
«Мая вёска знаходзіцца ў Ушацкім раёне. Ніколі б не магла падумаць, што па маёй роднай вёсцы будзе шастацца мядзведзь — і не адзін, іх двое — адзін велізарны, другі меншы. Гэта адбываецца на пастаяннай аснове. Іх развялося столькі, гэтых чырванакніжнікаў, што трэба прызнаць праблему і пачаць з імі змагацца», — распавяла Марына.
Жанчына прызналася, што перажывае за бяспеку сваіх блізкіх. Ідзе гаворка пра вёску Адворня, дзе пастаянна жывуць усяго тры чалавекі. Астатнія, у тым ліку і сама Марына, прыязджаюць сюды час ад часу.
«Ён любіць стаяць на задніх лапах у полі. Ён велізарны. Сама яго тут не бачыла, мне распавядалі. Але я бачыла сляды».
Мясцовыя жыхары пацвярджаюць, што знаходзілі свежыя сляды мядзведзя, аднак самога звера пакуль не сустракалі. Людзі таксама баяцца, што мядзведзіца можа прывесці патомства — паводле іхніх здагадак, яшчэ тры-чатыры мядзведзяняты.
Пры гэтым вядучы ахотовед Ушацкага паляўнічага гаспадарства БООР Вадзім Шульга кажа, што напады мядзведзяў на людзей без бачнай прычыны ў Беларусі — рэдкасць. Паводле яго слоў, колькасць жывёл у раёне не надта высокая.
«На маёй памяці няма выпадку, каб у Беларусі мядзведзь напаў проста так. Адзін быў у 2016 годзе ў Лепельскім раёне, але жанчына сама яго справакавала — хацела злавіць у лесе мядзведзяня. Маці абараняла, і то толькі лёгка яе адганіла. Мядзведзь на тэрыторыі раёна ёсць, але колькасць не звышвысокая. Паводле даных уліку, за 2025 год на тэрыторыі Ушацкага паляўнічага гаспадарства сістэмы РГОО «БООР» налічваецца 34 мядзведзі», — адзначыў Вадзім Шульга.
У верасні мы ўжо расказвалі пра тое, як беларусы жывуць па суседстве з мядзведзямі. Старшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага запаведніка, заолаг Аляксандр Рак тады тлумачыў, што гэтыя жывёлы звычайна стараюцца пазбягаць сустрэч з чалавекам. Агрэсіўнымі яны могуць быць, калі параненыя, абараняюць патомства або выпадкова сутыкаюцца з людзьмі. Паводле ацэнкі навукоўца, цяпер у Беларусі жыве каля 700 мядзведзяў, хоць афіцыйная статыстыка налічвае прыблізна 1,5 тысячы. Спецыяліст адзначаў, што дакладны ўлік гэтых жывёл ускладнены, а афіцыйная ацэнка, верагодна, завышаная. Таксама заолаг падкрэсліваў: пры нечаканай сустрэчы з мядзведзем уцякаць нельга: на кароткай дыстанцыі звер вельмі хуткі. Не варта і спрабаваць залазіць на дрэва. Лепш гаварыць спакойным нізкім голасам, выдаваць кароткія гучныя гукі, пляскаць у далоні, а потым павольна адступаць назад па сваіх слядах.