25 красавiка 2026, Субота, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эрдаган радыкальна абмежаваў інтэрнэт для падлеткаў

4
Эрдаган радыкальна абмежаваў інтэрнэт для падлеткаў
Рэджэп Таіп Эрдаган

У Facebook або Instagram турэцкая моладзь зможа трапіць толькі пасля святкавання свайго 15-годдзя.

Турцыя ўводзіць жорсткую забарону на выкарыстанне сацыяльных сетак для дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Парламент краіны ўжо прагаласаваў за адпаведны законапраект, і цяпер закон павінен падпісаць прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

Улады тлумачаць такія меры абаронай непаўналетніх, а новы закон абавязвае ІТ-гігантаў гарантаваць, што яны не прадастаўляюць паслугі дзецям. Таксама кампаніі павінны ўкараняць бацькоўскі кантроль для любых фінансавых аперацый анлайн.

Прэзідэнт Эрдаган асабіста падтрымаў ініцыятыву. Ён рэзка выказаўся пра сацсеткі:

«Мы жывём у эпоху, калі некаторыя праграмы для абмену лічбавым кантэнтам негатыўна паўплывалі на розумы нашых дзяцей, а платформы сацыяльных сетак, проста кажучы, ператварыліся ў зліўныя ямы».

Па меркаванні кіруючай партыі, сацсеткі нясуць пагрозу кібербулінгу, парнаграфіі і камерцыйнай эксплуатацыі. Увёўшы ўзроставы цэнз, улада хоча спыніць лічбавую залежнасць моладзі.

Трагедыі ў школах як каталізатар

Законапраект рыхтавалі даўно, але апошнія трагічныя падзеі паскорылі працэс. У гэтым месяцы краіну ўзрушылі дзве стральбы ў школах. Трагедыі адбыліся з інтэрвалам у два дні. Тады падчас інцыдэнтаў загінулі 9 чалавек, яшчэ 29 атрымалі раненні.

Механізм забароны будзе паэтапным, але больш за ўсё пытанняў выклікае праверка ўзросту. Турэцкія чыноўнікі заявілі, што ўваход у сацсеткі будзе адбывацца праз спецыяльны дзяржаўны анлайн-партал.

Міністр юстыцыі Турцыі Акін Гюрлек распавёў пра планы адносна ананімнасці:

«Мы робім сацыяльныя сеткі адказнымі. Свабода ёсць усюды, але нават свабода мае межы».

Ён лічыць, што ананімныя ўліковыя запісы дапамагаюць злачынцам. Новая сістэма дазволіць ураду ідэнтыфікаваць уладальніка любога профілю. Калі ўзнікне падазрэнне ў правапарушэнні, даныя перададуць сілавікам.

«Злавесная сістэма»: чаму крытыкі б’юць трывогу

Праваабаронцы не вераць у добрыя намеры ўлады. Яны баяцца татальнага сачэння, бо ананімнасць дазваляла людзям свабодна абмяркоўваць палітыку ці спорт.

Яман Акдэніз, прафесар права Стамбульскага ўніверсітэта Білгі, настроены скептычна:

«Пад выглядам абароны дзяцей яны ўводзяць значна больш злавесную сістэму».

Паводле яго, людзі пачнуць выдаляць уліковыя запісы, бо будуць баяцца не толькі пераследу, але і страты працы. Турцыя ўжо мае гісторыю блакавання YouTube, Instagram і X. Нават Вікіпедыя была недаступная ў краіне два з паловай гады.

Сусветная тэндэнцыя на абмежаванні

Нельга сказаць, што Турцыя стала першай на гэтым шляху. У свеце ў цэлым расце занепакоенасць з-за ўплыву сацсетак на самаацэнку падлеткаў.

Хто яшчэ ўводзіць абмежаванні:

Аўстралія: у снежні ўвяла першую ў свеце забарону да 16 гадоў.

Інданезія: далучылася да ініцыятывы ў сакавіку.

Францыя: парламент разглядае забарону да 15 гадоў.

Малайзія: цяпер рыхтуе аналагічнае заканадаўства.

Улады гэтых краін лічаць, што сацсеткі разбураюць канцэнтрацыю ўвагі. Аднак менавіта турэцкая мадэль з дзяржаўным уваходам лічыцца найбольш радыкальнай, падсумоўвае выданне.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках