Расійская армія запусціла па Украіне 666 беспілотнікаў і ракет
- 25.04.2026, 14:11
- 1,624
Сімвалічная лічба.
Расійскія войскі ў ноч на 25 красавіка нанеслі маштабны камбінаваны ўдар па гарадах Украіны, запусціўшы 666 беспілотнікаў і ракет, паведамілі у Паветраных сілах Збройных Сіл Украіны (ЗСУ). З 619 беспілотнікаў і 47 ракет удалося перахапіць адпаведна 580 і 30 мэт. Атакі зафіксаваныя па Дняпрапятроўскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Сумскай, Адэскай і Кіеўскай абласцях. Усяго загінулі пяць чалавек, напісаў у тэлеграм-канале кіраўнік МУС краіны Ігар Кліменка. Паводле ягоных звестак, раненні атрымалі больш за 30 чалавек. Найбольш пацярпеў горад Дніпро, дзе ў выніку «прылётаў» часткова абрынуўся чатырохпавярховы дом, заявіў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксандр Ганжа.
Паводле ягоных звестак, у горадзе ў выніку атак, што працягваліся больш за 10 гадзін, загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 27, уключаючы двух дзяцей, — пацярпелі. Удзень у суботу пасля паўторнай атакі быў пашкоджаны яшчэ адзін жылы дом, паведаміў Ганжа, — пацярпелі сем чалавек. Паводле інфармацыі ДСНС, у Дніпры таксама пашкоджаны прадпрыемствы і аб’ект прамысловай інфраструктуры. Разбіранне завалаў працягваецца. Акрамя таго, у выніку начных атак яшчэ двое чалавек загінулі і сямёра атрымалі раненні ў Чарнігаўскай вобласці — у Ніжыне, Гараднянскім і Сноўскім раёнах.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскія атакі працягваліся на працягу ўсёй ночы і пацярпелыя таксама зафіксаваныя ў Адэскай і Харкаўскай абласцях. «Тактыка ў расіян без зменаў: ударныя дроны, крылатыя ракеты і вялікая колькасць балістыкі. Большасць мэтаў — звычайная інфраструктура ў гарадах. Пашкоджаны жылыя дамы, энергетыка, прадпрыемствы», — напісаў ён у тэлеграм-канале.