Названыя найдаражэйшыя ў свеце аўтабрэнды
- 26.04.2026, 20:07
- 2,780
Хто апынуўся на першым месцы рэйтынгу?
Аналітычнае агенцтва Brand Finance апублікавала абноўлены рэйтынг найдаражэйшых аўтамабільных марак у свеце.
Лідарства другі год запар утрымлівае Toyota. Вартасць японскага брэнду ў 2026-м ацэненая ў $62,7 млрд.
Наступныя чатыры пазіцыі занялі нямецкія брэнды. На другім месцы сярод найбольш каштоўных аўтамабільных брэндаў — Mercedes-Benz — $46,6 млрд.
BMW дасталася трэцяя пазіцыя. Вартасць гэтага брэнду складае $43,8 млрд.
Чацвёртае месца заняў Volkswagen з вынікам $35,8 млрд. Пяцёрку замыкае Porsche — $35,2 млрд.
Падобна, што найбольш драматычнае падзенне перажыла Tesla. Брэнд Ілона Маска страціў амаль 36% сваёй вартасці, апусціўшыся на 3 пазіцыі і заняўшы 6-е месца. Аналітыкі звязваюць гэта з рэпутацыйнымі праблемамі і ўзмацненнем канкурэнцыі ў сектары электрамабіляў.
У топ-10 найдаражэйшых аўтабрэндаў свету таксама ўвайшлі японская марка Honda ($27,5 млрд), карэйскі Hyundai ($24,8 млрд), «амерыканец» Ford ($21,8 млрд) і «нямец» Audi ($17,8 млрд).
Кітайскі BYD размясціўся на 11-м месцы, літаральна дыхаючы ў патыліцу Audi. За ім ідуць Ferrari (Італія), Chevrolet (ЗША), Volvo (Швецыя), Kia (Паўднёвая Карэя), Lexus (Японія), Nissan (Японія), Renault (Францыя), Jeep (ЗША) і Subaru (Японія).