«БелАЭС стварае новыя рызыкі»
- 27.04.2026, 11:26
Еўрадэпутаты выступілі з заявай у гадавіну аварыі на ЧАЭС.
Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Госеўска, яе намеснікі Томас Тобе і Міхал Кобоска, а таксама старшыня Дэлегацыі па сувязях з Украінай Пекка Товеры і пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі Гельмут Брандштэтэр выступілі з заявай з нагоды 40-й гадавіны катастрофы ў Чарнобылі. Сайт Charter97.org публікуе тэкст заявы.
«26 сакавіка 2026 года — сорак гадоў таму свет стаў сведкам адной з самых разбуральных тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва. З таго часу Чарнобыль стаў сімвалам трагедыі, напамінам пра важнасць адказнасці і адкрытасці, а таксама папярэджаннем пра небяспеку радыяцыі і яе доўгатэрміновыя наступствы для пакаленняў.
Выбух на атамнай электрастанцыі прывёў да распаўсюджвання радыеактыўных ападкаў на значную частку Паўночнага паўшар'я. Хоць больш за ўсё пацярпела Беларусь — амаль чвэрць яе тэрыторыі аказалася забруджанай — сама катастрофа адбылася ва Украіне. Такія месцы, як Прыпяць, калісьці жывы і квітнеючы горад, ператварыліся ў сімвал страты. Цэлыя вёскі зніклі, а тысячы сем'яў былі вымушаныя пакінуць свае дамы за адну ноч. Наступствы закранулі мільёны людзей у розных краінах.
Праз сорак гадоў наступствы катастрофы ўсё яшчэ адчуваюцца — у забруджанай зямлі і ў падарваным здароўі людзей. Але з цягам часу памяць пра гэта можа аслабнуць, а разам з ёй — і разуменне сапраўдных маштабаў трагедыі. Чарнобыль — гэта не проста старонка гісторыі, а трагедыя, наступствы якой будуць адбівацца яшчэ на многіх пакаленнях.
У апошнія гады пра гэтую трагедыю зноў нагадалі новыя падзеі. Вайна Расіі супраць Украіны і пастаянныя пагрозы ядзерным аб'ектам — уключаючы акупацыю Чарнобыльскай зоны ў 2022 годзе і сітуацыю вакол Запарожскай АЭС — зноў наблізілі свет да небяспекі ядзернай катастрофы.
Атака расійскіх дронаў на аб'ект «Новая ахоўная абалонка» ў лютым 2025 года зноў паказала, наколькі важна выконваць міжнародныя нормы і забяспечваць ядзерную бяспеку нават падчас вайны. Любая баявая дзейнасць побач з ядзернымі аб'ектамі небяспечная не толькі для рэгіёна, але і для ўсяго свету, таму ўстойлівы мір немагчымы без надзейнага кантролю ў гэтай сферы.
У гэтую гадавіну хацелася б падкрэсліць важнасць прадухілення новых радыяцыйных катастроф. Для гэтага трэба памятаць пра Чарнобыль не толькі ў памятныя даты, але і не дазваляць яго ўрокам губляцца на фоне палітыкі або эканомікі. Забыць пра Чарнобыль — значыць дапусціць рызыку паўтарэння такой трагедыі.
Сёння Беларусь заслугоўвае асаблівай увагі. Пры рэжыме Лукашэнкі ўлады памяншаюць наступствы катастрофы, абмяжоўваюць доступ да медыцынскай інфармацыі і без дастатковых падстаў абвяшчаюць забруджаныя тэрыторыі «чыстымі». Гэта можа ўяўляць сур'ёзную пагрозу для здароўя людзей і сведчыць пра больш шырокую праблему — наступствы Чарнобыля не прапрацоўваюцца, а замоўчваюцца.
Беларуская АЭС у Астраўцы стварае новыя рызыкі, у тым ліку для грамадзян краін ЕС. Мы заклікаем забяспечыць поўную празрыстасць і незалежны кантроль, спыніць выкарыстанне і засяленне забруджаных тэрыторый.
Міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць больш рашуча. Трэба ўзмацніць адказнасць за ўтойванне радыяцыйных рызык і за атакі на ядзерныя аб'екты, асабліва ва ўмовах незаконнай вайны Расіі супраць Украіны. Таксама варта стварыць незалежны адкрыты глабальны рэестр радыяцыйных дадзеных і прызнаць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі пагрозай агульнай бяспецы.
Праз сорак гадоў пасля Чарнобыля ваеннае выкарыстанне ядзерных тэхналогій па-ранейшаму нясе сур'ёзныя рызыкі для чалавецтва і планеты. Мы нясем адказнасць — перад тымі, хто пацярпеў, і перад будучымі пакаленнямі. Толькі праз адкрытасць, навуковую добрасумленнасць і павагу да чалавечага жыцця мы зможам па-сапраўднаму асэнсаваць спадчыну Чарнобыля і зрабіць усё, каб падобная катастрофа ніколі не паўтарылася», — гаворыцца ў заяве.