СМІ ўпершыню распавялі пра тры раненні Буданава
6- 27.04.2026, 12:34
- 4,578
Калегі сцвярджаюць, што кіраўнік ГУР прасіў пабрацімаў «пакінуць яго».
Кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў, будучы ваенным разведчыкам, быў тройчы паранены. Пра гэта піша «Бабель» у вялікім матэрыяле пра новага кіраўніка ОП.
Упершыню — на пачатку сакавіка 2015 года, падчас аперацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны ў акупаванай частцы Данбаса. Ягоная група спрабавала знішчыць комплекс РЭБ акупантаў, але расіяне адвялі яго ў іншае месца. Дарогай назад у раёне Горлаўкі Данецкай вобласці разведчыкі наткнуліся на міннае поле. Трох байцоў, уключна з Буданавым, параніла — аскалкі трапілі яму ў шыю і лапатку. Калегі сцвярджаюць, што ён прасіў пабрацімаў «пакінуць яго».
«Мы яго перабінтавалі, агледзелі, заклеілі рану, зрабілі абязбольванне, паднялі і пайшлі... Аскалак з шыі там так і не змаглі дастаць. Ужо потым у Дняпры рабілі аперацыю», — успамінае адзін з вайскоўцаў.
Другое раненне «Бабель» апісвае без абставінаў, адзначаючы, што яно адбылося ў дзень нараджэння ягонай жонкі Марыянны.
«Ён мне тэлефануе, а я чую — там нейкі шум на фоне. Пытаюся: “Вы там ужо пачалі святкаваць мой дзень нараджэння?” А ён смяецца і так лёгка кажа, што яго паранілі і вязуць у шпіталь. Яшчэ жартуючы лічыў, ці ўсе пальцы ў яго на месцы», — успамінае яна.
У снежні 2016 года падчас чарговага задання Буданава паранілі трэці раз — куля раздрабіла локаць правай рукі. Рэабілітацыю ён праходзіў у адным з найлепшых ваенных шпіталяў ЗША — Walter Reed National Military Medical Center. Лячэнне аплачваў амерыканскі бок, харчаванне і пражыванне — прыватныя донары. У амерыканскую бальніцу ён прыбыў толькі праз паўгода пасля ранення.
Блізкія і калегі Буданава сцвярджаюць, што ён не быў паранены з пачатку паўнамаштабнага ўварвання РФ, як пра гэта пісала расійская прапаганда. Вялікую вайну яны з жонкай сустрэлі ў ГУР, не трапіўшы ў вузкае кола тых, хто перажыў першыя тыдні ўварвання ў сховішчы разам з прэзідэнтам.
У сакавіку 2022 года расіяне ракетай атакавалі штаб-кватэру ГУР МА Украіны ў Кіеве, дзе Буданаў быў на нарадзе.
«Пасля магутнага выбуху, які аглушыў прысутных, ён праверыў, ці ўсё ў парадку з жонкай, абтросся ад пылу і пайшоў на вуліцу глядзець на пашкоджанні і абломкі», — адзначылі журналістам відавочцы.