Сашы, дзе грошы?
7- 27.04.2026, 8:18
- 8,266
Беларуская нафтавая гаспадарка ў Расіі скончыла мінулы год з небачанымі за ўсю гісторыю стратамі.
Каласальныя інвестыцыі, якія беларускія ўлады на працягу дзесяцігоддзяў патрацілі на набыццё і пашырэнне свайго нафтаздабыўнога бізнесу ў Расіі, у мінулым годзе не тое што не прынеслі аддачы. Яны неспадзявана «трансфармаваліся» амаль у 34 млн долараў страт. Страт — рэкордных у гісторыі беларускага нафтавага праекта ў Расіі. Страт, можна сказаць, асабліва вялікага памеру. Пра якія, увогуле, трэба пытацца і ў генеральнага дырэктара «Беларуснафты», «сенатара» Аляксандра Ляхова, і ў яго цёзкі-пратэжэ: «Сашы, дзе грошы?»
Ёсць рэкорд
Як заўважыў planbmedia.io, летась Нафтавая кампанія «Янгпур» выйшла ў мінус на 18 млн долараў (1,5 млрд расійскіх рублёў). Справаздач усіх беларускіх кампаній яшчэ няма, але з гэтай сумай «Янгпур» несумненна прэтэндуе на лідарства ў рэйтынгу найбольш стратных бізнесаў краіны.
Гэтая кампанія з ліцэнзіямі на здабычу нафты і газу ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе была набытая ў 2013 годзе «Беларуснафтай» на расійскім аўкцыёне, каб увасобіць мару беларускіх уладаў — мець нафтавыя радовішчы за межамі краіны. Спробы былі ў Венесуэле, Іране, урэшце атрымалася ў Сібіры.
Наладжванне бізнесу пры новым уладальніку патрабавала намаганняў. Таму ў 2013–2014 гадах кампанія працавала ў мінус. Але з таго часу — дзякуючы інвестыцыям з метраполіі і спрыяльнай рыначнай кан’юнктуры — гэтага не было ні разу. Да 2025 года. Больш за тое, «Янгпур» увайшла ў лік галоўных крыніц даходаў беларускай казны. У 2020–2023 гадах (за выключэннем 2022 года) яна штогод пастаўляла ў яе не менш за 10–20 млн долараў чыстага прыбытку ў эквіваленце, а ў 2024-м — і ўвогуле звыш 35 млн.
Беларускім уладам «Янгпур» дасталася ад папярэдняга ўладальніка як актыў-банкрут. Не выключана, што ў гэты статус яна вернецца пры іх. У мінулым годзе спробу прызнаць «Янгпур» банкрутам зрабіла адно з рэгіянальных падраздзяленняў Федэральнай падатковай службы.
Ішлося пра суму ўсяго каля 20 тыс. долараў, і ў выніку ў сакавіку бягучага года пазоў быў адкліканы. Але праблема, калі судзіць па даных той жа падатковай, застаецца. «Янгпур» пры рэкорднай страце задоўжыў па падатках і зборах расійскай казне амаль 5,5 млн долараў у эквіваленце.
І яшчэ адзін
Яшчэ 2 млн долараў толькі па падатках і зборах павінна ў Расіі звязаная з «Янгпурам» цеснымі карпаратыўнымі, тэхналагічнымі і кадравымі сувязямі нафтасервісная «дачка» «Беларуснафты» — «Беларуснафта-Сібір».
Акрамя таго, гэтая кампанія вінна сваім камерцыйным кантрагентам звыш 10 млн долараў, якія ў 2025-м і пачатку 2026 года прад’явілі ёй больш за 120 пазоваў.
Чым «Беларуснафта-Сібір» будзе разлічвацца з расійскімі камунальшчыкамі, пастаўшчыкамі абсталявання і камплектуючых, невядома: страта, якую яна атрымала па выніках 2025 года, не нашмат меншая, чым у «Янгпура», — каля 14,5 млн долараў.
І ён — таксама рэкордны ў яе гісторыі, якая вядзецца з 2008 года. Прычым аб’ём страты перавышае сукупную суму чыстага прыбытку, які зарабіла «Беларуснафта-Сібір» за ўвесь час сваёй працы на расійскай Поўначы.
І ты, Брут…
Картіну жахлівай сітуацыі з беларускім нафтавым бізнесам у Сібіры дапаўняе трэцяя юрасоба «Беларуснафты» — будаўнічая кампанія «Белсеверстрой».
Калі 2024 год яна скончыла з прыбыткам, то мінулы — з 1,5 млн долараў страт. Бягучая запазычанасць «Белсеверстроя» па падатках перавышае паўмільёна долараў. І яшчэ ў вытворчасці — з дзясятак пазоваў да «Янгпура», па частцы з якіх, як яго даччыная арганізацыя, будаўнікі выступаюць суадказчыкамі.