«Наступствы на дзесяць гадоў»
6- 27.04.2026, 9:32
- 3,750
Эколагі ацэньваюць шкоду ад экалагічнай катастрофы ў Туапсэ.
За мінулыя дзесяць дзён ЗСУ нанеслі некалькі ўдараў па нафтаперапрацоўчым заводу і марскім тэрмінале ў расійскім Туапсэ. У мора выліліся нафтапрадукты, а дым ад пажару на НПЗ распаўсюдзіўся на сотні кіламетраў. Гарадскія ўлады прызналі існаванне праблемы толькі 23 красавіка, праз тыдзень пасля першай атакі з разлівам нафты. Кубанскі эколаг Яўген Віцішко распавёў «Эху», якімі наступствамі гэта пагражае Туапсінскаму ўзбярэжжу.
Паводле слоў Віцішко, часткі праблем можна было б пазбегнуць, калі б улады адрэагавалі аператыўна.
«Тэарэтычна наступствы можна было б даволі хутка ліквідаваць, але, па-першае, улада цяпер фактычна не прызнае, што ў нас увогуле ёсць нейкая экалагічная катастрофа і экалагічная сітуацыя, звязаная з забруджваннем навакольнага асяроддзя і нанясеннем шкоды, істотнай шкоды і прыродзе, і людзям. Цяпер, паводле маёй інфармацыі, яны прызналі лакальнае забруджванне, то бок у межах цэнтральнага пляжу горада Туапсэ, а на астатніх тэрыторыях — не. А па-другое, тут далікатная сітуацыя, звязаная з тым, што гэта ўсё адбываецца на тэрыторыі «Роснефти», а яны ніякім чынам не хочуць сябе паказваць», — распавёў Віцішко.
На думку эколага, тое, што здарылася ў Туапсэ, — гэта найбуйнейшае экалагічнае бедства рэгіёна за апошні час. У прэсе тое, што адбываецца, параўноўваюць з разлівам нафтапрадуктаў ля ўзбярэжжа Анапы ў 2024 годзе, але катастрофа ў Туапсэ куды больш небяспечная, упэўнены Віцішко, бо тут справа не абмежавалася толькі разлівам нафты.
«Гэты нафтавы дождж — дакладней, паветраны паток, які пераносіць сажавы пыл, насычаны нафтапрадуктамі, — пераносіцца на вялікія адлегласці. Ён дайшоў да Апшэрона, да Беларэчанска — а паводле некаторых звестак і да Армавіра, нават да Стаўрапаля. То-бок гэта больш глабальная сітуацыя, наступствы якой будуць адчувацца і ў суседніх муніцыпальных утварэннях. А потым гэтая сажа, што выпала разам з ападкамі, прасочыцца ў глебу (то-бок яна таксама будзе забруджаная) і ў выніку зноў сцячэ ў мора. То-бок гэта наступствы на дзесяць гадоў», — тлумачыць эколаг.
Праўда, паводле яго слоў, сам па сабе разліў нафты таксама нельга недаацэньваць.
«19 красавіка «Празрысты свет» апублікаваў спадарожнікавы здымак, згодна з якім плошча нафтавай плямы складала 7 км². Але разліў павялічваўся, пляма расцягвалася. А пасля дажджу да гэтага дадалося другаснае забруджванне нафтапрадуктамі, якія цягам тыдня збіралі ў рацэ, і яны выліліся за бонавыя загароды. Там пакуль увогуле незразумела, як будзе развівацца сітуацыя, але я думаю, што фактычна ўсё ўзбярэжжа Туапсінскага раёна будзе вымазана, а гэта каля 70 км», — сказаў Віцішко.