28 красавiка 2026, aўторак, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам забароняць набываць нерухомасць у Эстоніі

Беларусам забароняць набываць нерухомасць у Эстоніі

Але не ўсім.

Пасля амаль двухгадовага абмеркавання ў Эстоніі падрыхтавалі законапраект, які забароніць грамадзянам Беларусі і Расіі, якія не маюць пастаяннага віду на жыхарства, набываць нерухомасць. Забарону плануюць увесці з 1 студзеня 2027 года, піша «Інтэрфакс» са спасылкай на эстонскі тэлеканал ERR.

Гаворка пра папраўкі да закона аб абмежаванні на набыццё нерухомасці. Туды ўключаць кватэры, на якія раней такое абмежаванне не распаўсюджвалася.

«Гэта норма дазволіць забараніць набываць нерухомасць на тэрыторыі Эстоніі грамадзянам Расіі і Беларусі без пастаяннага віду на жыхарства, кампаніям гэтых дзяржаў, а таксама юрыдычным асобам, у якіх яны з'яўляюцца фактычнымі бенефіцыярамі», — паведамілі ў эстонскім урадзе.

Забарона не будзе мець зваротнай сілы. То бок яна не будзе распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі і Расіі, якія ўжо набылі нерухомасць у краіне да яе ўступлення ў сілу.

На пачатак студзеня 2026 года ў Эстоніі пражывала 1476 грамадзян Беларусі з часовым відам на жыхарства і 1190 — з пастаянным. Сярод іх 896 чалавек былі ўладальнікамі нерухомасці.

Прапанову аб увядзенні такой забароны ў Эстоніі абмяркоўвалі з лета 2024 года. У 2025-м рашэнне аб забароне грамадзянам Беларусі і Расіі набываць нерухомасць прыняў Сейм Латвіі. У Літве такая ідэя таксама абмяркоўвалася, але яна не набрала неабходнай колькасці галасоў у парламенце.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках