29 красавiка 2026, Серада, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каардынатар польскіх спецслужбаў распавёў падрабязнасці абмену Анджэя Пачобута

3
Каардынатар польскіх спецслужбаў распавёў падрабязнасці абмену Анджэя Пачобута
Томаш Сямоняк (злева) і Анджэй Пачобут
Фота: gov.pl

Польшча да канца не была ўпэўненая, што журналіст выйдзе на свабоду.

Міністр-каардынатар спецыяльных службаў Польшчы Томаш Сямоняк у эфіры TVPinfo распавёў, як праходзіў абмен на польска-беларускай мяжы, у выніку якога ў аўторак быў вызвалены лідар Саюза палякаў у Беларусі, журналіст Анджэй Пачобут.

— Гэты абмен быў вельмі верагодны, бо ў яго было ўцягнута больш краін, чым толькі Польшча і Беларусь. Аднак у такіх сітуацыях ніколі няма ўпэўненасці, што нічога не сарвецца, што Лукашэнка не патэлефануе і не скажа: «Мы гэтага не робім, бо…». Так ужо было раней, калі мы былі вельмі блізка да абмену, — сказаў Томаш Сямоняк.

Перамовы, паводле словаў Сямоняка, цягнуліся некалькі тыдняў:

— Трэба было ўсё дбайна падрыхтаваць з абодвух бакоў. У гэтым абмене таксама ўдзельнічалі грамадзяне іншых дзяржаў — іх трэба было даставіць да мяжы. Усё было дэталёва ўзгоднена нашымі службамі, — дадаў ён.

— Перад 13:00, калі ўсё павінна было пачацца, мы з прэм’ерам глядзелі на экран, дзе мусілі з’явіцца беларусы з Анджэем, і ў нас не было ўпэўненасці. Эмоцыі ў той момант былі велізарныя. Учора іншы бок стрымаў слова, але раней бывала, што не стрымліваў, — расказаў ён.

Ён дадаў, што польскія ўлады «вельмі інтэнсіўна займаліся справай Анджэя Пачобута на працягу двух гадоў».

— Былі розныя сітуацыі — абяцанні, абавязацельствы, перамовы. Вялікую ролю адыграла Міністэрства замежных спраў, а таксама сам прэм’ер, які кантактаваў з лідарамі іншых краін, каб давесці гэты абмен да канца. Гэта была праца многіх людзей. Учора наступіў фінал, але да канца ён не быў гарантаваны, бо залежаў ад рашэння іншага боку, — сказаў Сямоняк.

— Умоваю польскага боку было тое, што Анджэй Пачобут павінен быць перададзены першым. Гэта была наша ўмова, прынятая другім бокам. Для нас гэта было відавочна: няма Пачобута — няма абмену, — падкрэсліў ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках