Беспілотнікі СБУ паразілі стратэгічны нафтавы хаб каля Пермі: гараць амаль усе рэзервуары
5- 29.04.2026, 13:36
- 2,894
Удар нанесены больш як за 1500 кіламетраў ад Украіны.
Служба бяспекі Украіны паразіла стратэгічную нафтаперакачвальную станцыю каля расійскага горада Пермі больш чым за 1500 кіламетраў ад Украіны.
Пра гэта паведамляе СБУ.
«Гэтай ноччу спецыялісты Цэнтра спецаперацый «Альфа» СБУ адпрацавалі па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі (ЛПДС) «Перм», якая размешчаная больш чым за 1500 кіламетраў ад мяжы з Украінай», — паведамілі ў СБУ.

Адзначаецца, што дадзеная станцыя належыць ААТ «Транснафта» і з'яўляецца стратэгічна важным хабам магістральнай нафтатранспартнай сістэмы РФ. Праз станцыю нафта размяркоўваецца ў чатырох напрамках, у тым ліку і на Пермскі НПЗ.
Вядома, што ў выніку атакі беспілотнікаў СБУ на нафтаперакачвальнай станцыі ўзнік маштабны пажар. Паводле папярэдняй інфармацыі, гараць амаль усе рэзервуары для захоўвання нафты.
«СБУ сістэмна змяншае экспартны патэнцыял РФ і падрывае яе эканамічную аснову, з якой фінансуецца вайна супраць Украіны. Паражэнне нафтавай лагістыкі стварае дэфіцыт рэсурсаў, парушае ланцужкі паставак паліва для арміі», — адзначыў в.а. старшыні СБУ Яўген Хмара.