Перапрацоўка нафты ў Расіі абвалілася да мінімуму за 17 гадоў
- 30.04.2026, 20:07
- 1,124
Дзякуючы ўдарам Узброеных сіл Украіны па НПЗ і нафтаправодах.
Аб'ёмы перапрацоўкі нафты на расійскіх нафтазаводах абваліліся да мінімуму з 2009 года пасля налётаў беспілотнікаў, якія закранулі НПЗ, нафтабазы і нафтаправоды ад Ленінградскай вобласці да Урала.
Як паведамляе Bloomberg са спасылкай на дадзеныя OilX, нафтаперапрацоўка ў РФ скарацілася да 4,69 млн барэляў у дзень. У параўнанні з мінулым годам аб'ёмы ўпалі на 12%, а ў параўнанні з даваенным 2021-м — на 18%, або амаль на 1 млн барэляў у суткі.
У красавіку Узброеныя сілы Украіны як мінімум 21 раз атакавалі расійскую нафтавую інфраструктуру, падлічыў Bloomberg. Колькасць удараў стала рэкорднай з пачатку года і адной з самых высокіх з пачатку вайны: больш было толькі ў лістападзе і снежні 2025-га (23 і 26 адпаведна).
Пад налёты БПЛА трапілі прынамсі 9 нафтазаводаў, з якіх 5 поўнасцю або часткова спынялі вытворчасць. Гэта «Пермнефтеоргсинтез» (30 красавіка), Сызранскі НПЗ (22 красавіка), Новакуйбышаўскі НПЗ (18 красавіка), Туапсінскі НПЗ (16 красавіка) і «Норсі» (5 красавіка).
Не менш як 5 атак за месяц прыйшлося на сістэму расійскіх нафтаправодаў, адну з самых працяглых у свеце і пабудаваную ў часы халоднай вайны. 6 разоў беспілотнікі атакоўвалі марскую нафтавую інфраструктуру, уключаючы парты Балтыйскага мора, праз якія за мяжу вывозіцца кожны другі экспартны барэль.
Прыморск і Усць-Луга спынялі адгрузку нафты ў красавіку, хоць пасля аднавілі экспарт. Таксама прастойваў порт Наварасійска, а напрыканцы месяца пад удар трапіў порт Туапсэ — экспартны хаб для нафтапрадуктаў «Роснефти». Акрамя таго, у красавіку пад удар БПЛА трапіў адзін танкер дадаткова да трох суднаў у сакавіку, падлічыў Bloomberg.