«Лукашэнку і ягоным сынам выдалі «чорную метку»
6- 1.05.2026, 8:58
- 6,164
Што азначае для беларускіх прадпрыемстваў трапленне ў украінскія санкцыйныя спісы?
Украінскі палітолаг Яўген Магда у каментары «Філіну» распавёў пра ўвядзенне Кіевам чарговых санкцый супраць беларускіх грамадзян і прадпрыемстваў.
— Украіна дзейнічае адрасна, каб прадэманстраваць, як рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з Расіяй, — адзначае ў каментары «Філіну» Яўген Магда. — Чаму менавіта цяпер?
Відавочна, што раней прыярытэтам было ўвядзенне санкцый супраць расійскіх прадпрыемстваў. А цяпер чарга дайшла да беларускіх (абмежаванні ўведзены супраць 16 грамадзян і 11 юрыдычных асоб Беларусі — Ф.)
— Ці будуць украінскія санкцыйныя спісы ўніфікаваныя з еўрапейскімі?
— Такога механізму ўніфікацыі ўсіх санкцый няма. Але мы будзем пераконваць нашых партнёраў на Захадзе, абапіраючыся на ўласныя спісы. У сваю чаргу яны, безумоўна, звяртаюць увагу на наш санкцыйны спіс, але ён не з’яўляецца для іх вызначальным.
Таксама і Украіна прымае да ўвагі еўрапейскія спісы. А самі спісы могуць адрознівацца. Напрыклад, ЕС, ЗША, Вялікабрытанія ўвялі ў лютым 2022-га года санкцыі супраць Пуціна, а Украіна зрабіла гэта толькі ў чэрвені. То бок варыянты санкцыйных спісаў могуць быць рознымі.
— Што азначае для беларускіх прадпрыемстваў трапленне ў украінскія санкцыйныя спісы?
— Гэта азначае, што мы выдаём ім «чорную метку» за супрацоўніцтва з РФ.
Зразумела, што сама Украіна не супрацоўнічае з гэтымі прадпрыемствамі. Але цяпер яна будзе глядзець і на кантрагентаў, на прадпрыемствы з ЕС, напрыклад, польскія або літоўскія, якія могуць з кімсьці з іх супрацоўнічаць.
Разглядаць нейкія наступствы ў будучыні паводле санкцыйных спісаў можна толькі пасля спынення або прыпынення расійска-ўкраінскай вайны.
— А для сыноў Лукашэнкі што азначае ўвядзенне Украінай санкцый супраць іх?
— Яны і звязаныя з імі бізнесы не будуць удзельнічаць у аднаўленні Украіны. Ім палітычна ўказваецца на тое, што яны зрабілі свой выбар.
Раней, нагадаю, і супраць самога Лукашэнкі ўвялі санкцыі, каб даць яму зразумець, што Украіна заканчвае з ім любыя гульні.