«Расія стала васалам Кітая»
4- 1.05.2026, 16:11
- 1,094
Залежнасць Крамля ад імпарту тэхналогій праз КНР дасягнула 90%.
Залежнасць Расіі ад імпарту тэхналогій, якія трапілі пад санкцыі, праз Кітай дасягнула 90%, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя са статыстыкай.
Паводле іхніх звестак, нягледзячы на заяўленыя праграмы імпартазамяшчэння, у параўнанні з мінулым годам (80%) узровень залежнасці нават вырас. Прычынай стала ўзмацненне санкцый ЕС, якое перакрыло астатнія каналы паставак з Захаду, заўважае The Moscow Times.
У ЕС добра ведаюць пра ролю Кітая, які забяспечвае Крэмль тэхналогіямі двайнога прызначэння і нават спадарожнікавай выведкай для вайны, але асцерагаюцца ўводзіць супраць яго санкцыі з-за магчымых адказных захадаў, сказалі крыніцы агенцтва.
Нягледзячы на заявы Пуціна пра рух да тэхналагічнага суверэнітэту, разрыў з Захадам прывёў да таго, што Расія стала «васалам Кітая», адзначае Эліна Рыбакова, эканаміст Інстытута міжнароднай эканомікі Пітэрсана ў Вашынгтоне.
Значэнне КНР для расійскага гандлю цяпер настолькі нязбалансавана вялікае, што Пекін аказвае велізарны ўплыў на Маскву, казала Рыбакова ў інтэрв'ю Deutsche Welle: «Кітай з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Расіі, тады як на РФ прыпадае толькі нязначная доля кітайскага экспарту».
Паводле даных Інстытута Гайдара, у мінулым годзе Кітай закупіў 27% усіх тавараў, якія Расія вывезла на знешнія рынкі, і забяспечыў 36% паставак імпарту ў РФ. Аднак удзел расійскага рынку ў кітайскім экспарце скараціўся з 3,2% да 2,7% — да ўзроўню Мексікі, які больш чым у 5 разоў ніжэйшы, чым у ЗША.
З-за заходніх санкцый Масква ўсё больш залежыць ад Пекіна ў плане паставак высокатэхналагічных тавараў і прадукцыі апрацоўчай прамысловасці, тлумачыць эксперт цэнтра Bruegel Жолт Дарваш: «Расія — вялікая краіна, але ў яе няма магчымасцей для самазабеспячэння. Таму яна вымушана атрымліваць гэтыя тавары адкульсьці яшчэ. І гэтым пастаўшчыком усё часцей становіцца Кітай».
Рыбакова звяртае ўвагу на тое, што Кітай не толькі прадае Расіі сваю прадукцыю, але і дапамагае палегчыць закупкі заходніх тавараў. У першую чаргу гаворка ідзе пра прадукцыю двайнога прызначэння, якая можа выкарыстоўвацца як у грамадзянскіх, так і ў ваенных мэтах.
Аб'ёмы ўзаемнага расійска-кітайскага гандлю ў 2025 годзе ўпершыню з пачатку вайны скараціліся — на 6,5%, да 1,63 трлн юаняў ($234 млрд). У мінусе апынуліся як пастаўкі кітайскіх тавараў у Расію (на 3,4% за год), так і расійскі экспарт у КНР (на 9,9%). Спад расійска-кітайскага гандлю выклікаў занепакоенасць у Крамлі, распавядалі ў жніўні блізкія да ўрада крыніцы Reuters. Паводле іх слоў, падчас візіту ў Пекін Пуцін намерваўся прасіць Сі Цзіньпіна не зніжаць гандлёвыя абароты, ад якіх крытычна залежыць расійская эканоміка.