WSJ: Ізраіль стварыў у пустыні Ірака сакрэтную базу
- 10.05.2026, 8:16
- 1,104
Для падтрымкі паветранай кампаніі супраць Ірана.
Ізраіль пабудаваў сакрэтную ваенную базу ў пустыні Ірака для падтрымкі сваёй паветранай кампаніі супраць Ірана. Акрамя таго, быў нанесены ўдар па іранскіх войсках, якія ледзь не выяўлілі аб’ект на пачатку вайны.
Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.
Паводле крыніц, Ізраіль пабудаваў гэты аб’ект, у якім размяшчаліся сілы спецыяльнага прызначэння і які служыў лагістычным цэнтрам для ізраільскіх ВПС, напярэдадні вайны.
Там былі размешчаныя пошукава-выратавальныя групы на выпадак, калі б ізраільскія пілоты былі збітыя. Аднак ніводнага збіцця так і не адбылося.
Калі знішчальнік ЗША F-15 быў збіты недалёка ад Ісфахана ў Іране, ізраільцы якраз прапанавалі дапамогу, але амерыканскія войскі самастойна выратавалі двух лётчыкаў. Таксама Ізраіль наносіў авіяўдары для абароны гэтай аперацыі.
Аднак ізраільская база ледзь не была выяўлена на пачатку сакавіка. У СМІ з’явілася інфармацыя, што мясцовы пастух паведаміў пра незвычайную ваенную актыўнасць у гэтым раёне, уключаючы палёты верталётаў.
На гэтым фоне іракскія вайскоўцы накіравалі войскі для расследавання. Ізраіль, у сваю чаргу, стрымліваў іх авіяўдарамі. Урад Ірака тады асудзіў напад, у выніку якога загінуў іракскі салдат.
У скарзе, пададзенай у ААН напрыканцы сакавіка, Ірак заявіў, што ў нападзе ўдзельнічалі замежныя сілы і былі нанесены авіяўдары, прыпісаўшы гэтыя дзеянні ЗША. Аднак крыніца WSJ кажа, што ЗША не бралі ўдзелу ў атаках.
Выданне адзначае, што падрабязнасці, якія тычацца базы, а таксама рызыкі, на якія пайшоў Ізраіль дзеля яе стварэння і абароны, дапамагаюць скласці ўяўленне пра тое, як краіне ўдалося весці паветраную кампанію супраць ворага, які знаходзіцца прыблізна за 1000 міль ад яе.