Званок Сіярта: з’явілася раней невядомая інфармацыя пра мяцеж Прыгожына
3- 24.06.2026, 10:44
- 6,616
Кіраўнік МЗС Венгрыі тэлефанаваў Лаўрову падчас паходу кіраўніка «Вагнера» на Маскву.
Падчас мяцяжу кіраўніка прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» Яўгена Прыгожына у чэрвені 2023 года тагачасны міністр замежных спраў Венгрыі Петер Сіярта тэлефанаваў кіраўніку МЗС Расіі Сяргею Лаўрову, каб прапанаваць асабістую дапамогу. Пра гэта 23 чэрвеня паведамілі журналісты-расследавальнікі VSquare.
Журналісты апублікавалі стэнаграму размовы дыпламатаў, якая адбылася 24 чэрвеня 2023 года.
У ёй Сіярта выказаў занепакоенасць: «Добры дзень, я проста хацеў даведацца, ці ўсё пад кантролем і ці з вамі ўсё ў парадку». У адказ Лаўроў запэўніў венгерскага міністра, што сітуацыя пад кантролем сілавікоў, і падкрэсліў, што Пуцін нікуды не адлятаў і застаецца ў Маскве. Венгерскі чыноўнік патэлефанаваў кіраўніку расійскага МЗС пасля з’яўлення чутак пра магчымы ад’езд Пуціна ў Санкт-Пецярбург.
Калі Сіярта прапанаваў дапамогу ў выпадку неабходнасці, Лаўроў з іроніяй адказаў: «Мне нічога не трэба. Ніякіх праблем. Дзякуй, што патэлефанавалі».