Намесніка начальніка крымінальнага вышуку Санкт-Пецярбурга арыштавалі за разбой
6- 12.05.2026, 13:00
- 2,236
Расійскаму палкоўніку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Басманны суд Масквы 11 мая адправіў у СІЗА намесніка начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУ МУС па Санкт-Пецярбургу Віталя Лаўрышчава па абвінавачанні ў буйным разбойным нападзе (ч. 4 арт. 162 КК), паведамілі ТАСС у праваахоўных органах. Паліцэйскаму палкоўніку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Супрацоўнікі ФСБ затрымалі Лаўрышчава 8 мая, тады ж у яго працоўным кабінеце прайшлі вобшукі. Паводле версіі следства, паліцэйскі звязаны з нападам на мужчыну, у якога выкралі $300 тысяч.
Гаворка пра інцыдэнт, які адбыўся 2 снежня 2022 года каля будынка следчага аддзела па Маскоўскім раёне Пецярбурга. Тады некалькі чалавек спрабавалі прымусіць мужчыну аддаць ім грошы, а пасля адмовы напалі на яго. Адзін з удзельнікаў распыліў пацярпеламу ў твар змесціва газавай зброі, а пасля ў яго вырвалі пакет з наяўнымі. На той момант сума шкоды ацэньвалася прыкладна ў 18,3 млн рублёў.
Паводле звестак «Фантанкі», паказанні супраць Лаўрышчава даў былы начальнік крымінальнага вышуку Маскоўскага раёна Пецярбурга Арам Мукуч'ян, які заключыў здзелку са следствам. Ён сцвярджаў, што палкоўнік мог ведаць пра падрыхтоўку нападу. Сам Лаўрышчаў віны не прызнае.
Адзін з фігурантаў гэтай справы быў Максім Чачын. У лютым 2026 года яго прыгаварылі да чатырох гадоў калоніі строгага рэжыму і штрафу ў 200 тысяч рублёў. Суд таксама спагнаў з яго больш за 18,8 млн рублёў матэрыяльнай і маральнай шкоды.
У прэс-службе ГУ МУС заявілі, што ў выпадку даказання віны Лаўрышчаў будзе звольнены з органаў унутраных спраў і панясе пакаранне ў парадку, устаноўленым законам.