12 траўня 2026, aўторак, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча ў бліжэйшыя дні атрымае першы аванс з абароннага фонду SAFE

Польшча ў бліжэйшыя дні атрымае першы аванс з абароннага фонду SAFE
Фота: Charter97.org

Гаворка пра 6,5 млрд еўра.

Польшча ў бліжэйшыя дні павінна атрымаць аванс з крэдытнага фонду ЕС у межах праграмы SAFE на пераўзбраенне. Пра гэта ў Бруселі паведаміў намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Залевські. Гаворка пра 6,5 млрд еўра.

«Усе фармальныя патрабаванні ўжо выкананыя, а сёння гэта ўжо толькі пытанне адміністрацыйных рашэнняў. Таму мы мяркуем, што ў бліжэйшыя дні варта чакаць гэтыя 15%», — сказаў намеснік кіраўніка Мінабароны Польшчы.

Пералічэнне авансу стала магчымым пасля таго, як Польшча першай у Еўрасаюзе падпісала з Еўрапейскай камісіяй крэдытнае пагадненне па праграме SAFE. З агульнага фонду на пераўзбраенне аб'ёмам 150 млрд еўра Польшча павінна атрымаць амаль траціну — 43,7 млрд еўра.

Праграма SAFE прадугледжвае падтрымку ў форме, у прыватнасці, нізкапрацэнтных крэдытаў. Сродкі прызначаныя перш за ўсё для закупкі ваеннай тэхнікі, асабліва вырабленай у Еўропе. Выдзеленыя Польшчы сродкі павінны пайсці на фінансаванне абарончых праектаў, прадугледжаных польскім інвестыцыйным планам.

Сродкі плануецца накіраваць, між іншым, на рэалізацыю праграмы «Усходні шчыт», развіццё сістэм супрацьдзеяння беспілотнікам, супрацьпаветранай абароны, артылерыі, а таксама на мадэрнізацыю транспартнай інфраструктуры, якая мае ваеннае значэнне.

Паводле заяў урада, 89% сродкаў павінны паступіць у польскую прамысловасць і эканоміку.

У адпаведнасці з рэгламентам ЕС, да канца мая дзяржавы-члены могуць самастойна замаўляць узбраенне ў межах праграмы SAFE. Пасля гэтага тэрміну для кожнай закупкі ім давядзецца шукаць краіны-партнёры. Для Польшчы гэта асабліва важны крайні тэрмін, бо большасць запланаваных закупак Варшава мае намер размясціць у польскай абароннай прамысловасці.

У сярэдзіне сакавіка прэзідэнт Кароль Навроцкі наклаў вета на закон, які ўкараняе SAFE. Дакумент прадугледжваў стварэнне спецыяльнага фонду, куды павінны былі паступаць сродкі ЕС. У адказ на прэзідэнцкае вета ўрад прыняў пастанову аб праграме «Узброеная Польшча», якая ўпаўнаважвае міністра нацыянальнай абароны, а таксама міністра фінансаў і эканомікі падпісаць ад імя ўрада пагадненне і дакументы, што датычацца крэдыту SAFE.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках