12 траўня 2026, aўторак, 16:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чэмпіён свету па самба з Беларусі адкрыў клуб у Вроцлаве

Чэмпіён свету па самба з Беларусі адкрыў клуб у Вроцлаве

Сцяпан Папоў расказаў, як пачаў усё з нуля ў эміграцыі.

Чэмпіён свету па самба, пераможца Еўрапейскіх гульняў, уладальнік Кубка свету і міжнароднай узнагароды Fair Play Сцяпан Папоў з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, каб «перазагрузіцца». Ён быў шчыра ўпэўнены: гэта часова. У эміграцыі чэмпіёну давялося пачынаць з нуля: таксаваць, працаваць персанальным трэнерам і нанова шукаць грунт пад нагамі.

Сёння Сцяпан развівае ўласны спартыўны клуб SP Club Wrocław, які ўжо прыносіць прыбытак. Для spravy.io ён расказаў гісторыю пра беларускую салідарнасць, выклікі эміграцыі, будаўніцтва беларускага месца ў Польшчы і трошкі пра штучны інтэлект.

«Прааналізаваў, што грошай трэба ўкласці шмат і вернуцца яны не так хутка»

Для чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў спорту вышэйшых дасягненняў, эміграцыя стала сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць. Шлях да ўласнага бізнесу пачаўся не з Вроцлава. Сцяпан спачатку планаваў пабыць месяц у Турцыі — лічыў гэта добрым месцам, каб набрацца сіл, але ў выніку пражыў там амаль паўгода.

Пасля пераехаў ва Украіну, якраз за два тыдні да пачатку паўнамаштабнай вайны. Давялося зноў уцякаць ад небяспекі — на гэты раз у Польшчу. Вроцлаў выбраў свядома: старэйшая дачка хацела паступаць у Чэхію, а гэты горад якраз блізка да мяжы.

Сцяпан не хавае: першы час было няпроста з-за стану нявызначанасці.

— Я працаваў персанальным трэнерам, таксаваў, але не адчуваў нейкай стабільнасці. Здаецца, вось ты ў Польшчы, ты ў бяспецы, але нібыта зацягнуўся мой ад’езд з Беларусі. Вяртанне дадому — пакуль невядома калі. І вось я быў у нейкай падвешанай прасторы: рабіў праекты, арганізоўваў турніры па валейболе, два фестывалі, дзіцячыя лагеры, спаборніцтвы… Але ўвесь час было пачуццё, што гэта часова.

Усё змянілася раптоўна. Знаёмая Сцяпана, якая кіравала спартыўнай залай, вырашыла прадаць свой бізнес і папрасіла ў гэтым дапамагчы.

— Гэта была зала функцыянальных трэніровак (TRX, кросфіт) у арандаваным будынку. Не мая тэматыка, займацца гэтым я не хацеў, але потым задумаўся: а што, калі зрабіць тут залу адзінаборстваў?

Сцяпан пачаў апытваць знаёмых барцоў, пралічваць магчымасці і ў выніку вырашыўся зрабіць тут месца, можа, і для прыпынку, але ўжо больш сталае:

— Прааналізаваў, што грошай трэба ўкласці шмат і вернуцца яны не так хутка, але гэта будзе магчымасць развівацца далей. На той момант я быў упэўнены, што беларуская супольнасць дапаможа мне з першымі кліентамі, а сябры і знаёмыя — з перабудовай залы.

«Я проста з ChatGPT згенераваў ідэю інтэр’еру»

Сцяпан адразу зразумеў: калі рабіць усё «па прайсе», бізнес можа не вытрымаць нагрузкі. Вялікіх выдаткаў патрабавала бяспека: сцены трэба было абшыць спецыяльнымі матамі, і толькі гэтыя работы па рыначных расцэнках каштавалі каля 40 тысяч злотых.

Далей — падрыхтоўка пад афарбоўку і шмат іншых складаных тэхналагічных працэсаў, і ўсё гэта — выдаткі. Плюс нават падчас рамонту неабходна было плаціць за арэнду памяшкання. Але тут спрацавала беларуская салідарнасць і папярэдняе валанцёрства чэмпіёна свету ў многіх ініцыятывах у Польшчы. У выніку выдаткі ўдалося скараціць у 4—5 разоў.

— Тут шмат нашых беларусаў, — распавядае Сцяпан. — Адзін займаецца металічнымі вырабамі — ён паводле праекта ўсё зрабіў, мы прывезлі і самі ўсталёўвалі гэтыя канструкцыі. Дзяўчына займаецца тапіцэркай (абіўкай скурай) — яна знайшла нам танную скуру добрай якасці, дала свае інструменты, і мы зрабілі ўсё за вельмі добрую цану. Хлопец-беларус, які працуе тут на будоўлі, падрыхтаваў сцены пад афарбоўку і ўвогуле грошай не ўзяў.

Інтэр’ер залы заснавальнік клуба прыдумаў сам з дапамогай штучнага інтэлекту, а ўвасобіла ідэю знаёмая мастачка-украінка Настасся.

— Я проста з ChatGPT згенераваў ідэю, — усміхаецца Сцяпан. — А мастачка ўжо дапрацавала яе пад нашы калоны і аркі. Яна літаральна жыла ў зале. Я праязджаю міма ноччу — гляджу, яна малюе самурая, а побач спальнік ляжыць. Цяпер да гэтай сцяны не хочацца нікога падпускаць — столькі тут сіл аддадзена.

Паводле слоў Сцяпана, такая падтрымка была не выпадковай, а стала вынікам яго папярэдняй працы па аб’яднанні супольнасці:

— Я рабіў для беларусаў мерапрыемствы, арганізоўваў іх, і вось яны адгукнуліся. І людзі працягваюць нагадваць: калі табе патрэбна дапамога — то тэлефануй. Тут усё зроблена рукамі добрых знаёмых — беларусаў і ўкраінцаў.

«Дзеці моцна стамляюцца ад замежнай мовы ў школах і садках»

Зараз у клубе Сцяпана ўжо каля 70 дзяцей. Гэта добры вынік для залы, якая адкрылася толькі ў снежні мінулага года і не ў «сезон набору». Для многіх бацькоў-эмігрантаў гэта месца стала выратаваннем, бо тут вырашаецца не толькі пытанне фізічнай формы, але і псіхалагічнага камфорту.

— Гэта зала — нібыта ты жывеш у Беларусі. Ты прыходзіш — тут усе свае, размаўляеш на сваёй мове, — тлумачыць Сцяпан. — Дзеці моцна стамляюцца ад замежнай мовы ў школах і дзіцячых садках. Ім патрэбнае асяроддзе, дзе яны могуць проста расслабіць галаву і займацца тым, што падабаецца. У нас такі беларуска-украінска-польскі цэнтр, і дзецям тут максімальна спакойна.

Зала стала важным пунктам на карце не толькі для мясцовых: нядаўна праз Вроцлаў на спаборніцтвы ў Францыю ехала дэлегацыя з Украіны — 70 дзяцей з кіеўскага клуба чэмпіёна свету, прэзідэнта Федэрацыі дзюдо Кіева і дэпутата Георгія Зантарая. Украінскія спартсмены заехалі на трэніроўку менавіта ў залу Сцяпана Папова.

— Мы, беларусы і ўкраінцы, вельмі добра сябруем у спорце, — кажа Сцяпан. — Для нас было гонарам прыняць каманду такога ўзроўню. Георгій Зантарая — чалавек-легенда: чэмпіён свету і Еўропы, кіраўнік камісіі атлетаў НАК Украіны. Я вельмі рады нашаму знаёмству і таму, што ён звярнуўся менавіта да мяне, каб мы ў сваёй зале прынялі яго каманду — што я з вялікім задавальненнем і зрабіў. Тое, што яны абралі нас для падрыхтоўкі, паказвае, што мы ствараем правільную атмасферу.

Заснавальнік клуба застаецца верным чэмпіёнскаму падыходу. Ён стварыў асаблівую сістэму — «Select Team». Гэта група для тых дзяцей, якія самі матываваныя працаваць на вынік. У іх ёсць магчымасць знаходзіцца тут хоць шэсць дзён на тыдзень. На дзіцячых групах часта працуюць адразу два трэнеры сусветнага ўзроўню — Сцяпан і яго калега Дзмітрый, таксама чэмпіён свету па самба.

Сцяпан цвяроза глядзіць на рэчы і аддзяляе выхаванне будучых чэмпіёнаў ад звычайных заняткаў:

— Ёсць дзеці, якія нацэленыя на вынік. Вось адзін хлопчык прыйшоў: ручкі тоненькія, ад прыроды дадзеных ніякіх. Але сам працуе, вочы гараць. Упэўнены, што з яго будзе толк — ён ужо пяць разоў падцягваецца. А ёсць тыя, каго бацькі возяць прымусова. Для іх ёсць асобная група, яны там больш гуляюць. Такія групы таксама патрэбныя — яны закрываюць камерцыйны бок, каб мы маглі пакрываць арэнду.

«Мне трэба, каб усё працавала ідэальна, бо гэта нешта большае, чым проста бізнес»

Сцяпан Папоў працягвае быць «іграючым трэнерам». Нават запусціўшы бізнес, ён застаецца і дзеючым спартсменам. Цяпер яго новы выклік — бразільскае джыу-джытсу (BJJ).

— Мне летам будзе 42 гады. У звычайным спорце ты ў 32 ужо «дзед», але бразільскае джыу-джытсу дазваляе выступаць у любым узросце, — тлумачыць Сцяпан. — Тут я бачу людзей па 65 гадоў з такім прэсам! Яны пластычныя і тэхнічныя. Гэта падаўжае маладосць і натхняе мяне.

Зараз у Сцяпана новая спартыўная мэта — дайсці да чорнага пояса ў гэтым напрамку барацьбы, і аматарскага ўзроўню чэмпіёну недастаткова:

— Хачу быць канкурэнтаздольным з людзьмі, якія ўсё жыццё займаюцца менавіта гэтым. Хачу, каб я, як чалавек, які ўсё жыццё быў у самба, мог перамагаць па іх правілах. Я б вельмі хацеў з’ездзіць у Амерыку на чэмпіянат свету, але гэта віза, цэны, і трэба сур’ёзна рыхтаваць форму.

Але пакуль Амерыка — у спісе новых мэт, штодзённая рэальнасць Сцяпана — гэта яго зала ў Вроцлаве, дзе чэмпіёнскі характар праяўляецца ў кожнай драбніцы. Сцяпан не хавае, што ён педантычны ў пытаннях парадку:

— Усіх тут ганяю за тапкі, за пыл. Мне трэба, каб усё працавала ідэальна, бо гэта нешта большае, чым проста бізнес. Нават калі ты трэніраваў да ночы, ты ўсё роўна можаш прыйсці ў чатыры раніцы, каб падмесці і ўсё праверыць. Гэта маё месца, я тут за кожны кут адказваю.

На пытанне, дзе ён бярэ натхненне і сілы, адказвае — у грамадскіх праектах:

— Новая праца, новыя ідэі. Я такі чалавек, што калі ўжо бяруся, то хачу зрабіць максімальна якасна. Не спаборніцтвы дзеля спаборніцтваў, а ўзаемападтрымліўны спартыўны фестываль. Не магу інакш, і менавіта так перазараджаюся.

План на будучыню: велапаркоўка, тры сцягі і фэйр-плэйны гномік-барэц

Многіх здзіўляе, што пачатковец у бізнесе ў Польшчы змог так хутка «ўзляцець»: зала, якая адкрылася ўсяго паўгода таму, ужо прыносіць прыбытак. З чорных сцен былога памяшкання яна ператварылася ў цэнтр беларускай супольнасці.

— Ці было складана? Я паставіў мэту і ішоў да яе, — кажа Сцяпан. — Бывае, да ночы трэніруеш, раніцай запускаеш будаўнікоў, а потым трэба зноў за імі ўсё прывесці да стэрыльнага стану, каб дзеці маглі спакойна басанож трэніравацца.

Плянаў наперадзе шмат: дафарбаваць інтэр’ер, зрабіць велапаркоўку, давесці да ладу кабінет масажу. Абавязкова — павесіць тры сцягі: беларускі, украінскі і польскі. Але Сцяпан глядзіць шырэй: ён хоча паставіць праектар, глядзець фільмы, ладзіць беларускія танцы або зумбу.

— Зала працуе 24 гадзіны, тут можна нават дыскатэкі ладзіць! — загараецца беларус, але адразу пераходзіць да разваг пра будучыню: — Мяне цікавіць: ці адаптуемся мы настолькі, што праз пэўны час станем палякамі? Ці нешта зменіцца, і частка вернецца? Гэта зала — нібыта ты жывеш у Беларусі. Нібыта наша культура тут захоўваецца.

Нават сімвал горада — знакамітага вроцлаўскага гноміка — Сцяпан, калі ўжо марыць, то хацеў бы зрабіць асаблівым. Гэта павінен быць барэц, які выносіць на плячах іншага барца — напамін пра ўласны ўчынак Сцяпана, калі ён вынес з дывана траўмаванага суперніка і атрымаў сусветную ўзнагароду Fair Play.

— Мы стварылі тут сваю супольнасць. Людзі матывуюцца, я сам матывуюся, стаўлю сабе новыя выклікі. Беларусы і беларускі прыходзяць, п’юць каву, размаўляюць — тут усе свае. Гэта і ёсць галоўны вынік.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках