Украіна атрымала нечаканага саюзніка ў нафтавых «санкцыях» супраць РФ
- 12.05.2026, 22:56
- 1,580
За перыяд з 4 па 10 мая з Наварасійска выйшаў толькі адзін нафтавы танкер.
Экспарт расійскай нафты з порта ў Наварасійску на мінулым тыдні рэзка скараціўся да чарговага мінімуму. Прычынамі гэтага маглі стаць папярэджанні пра штормы і ўкраінскія атакі дронаў, паведамляе Bloomberg.
Паводле даных рэгіянальных службаў па надзвычайных сітуацыях, на пачатку мінулага тыдня прагучаў шэраг папярэджанняў пра магчымыя атакі дронаў, якія могуць прывесці да прыпынення пагрузкі танкераў. Акрамя таго, у мэрыі Наварасійска прагназавалі моцныя вятры і неспрыяльныя ўмовы надвор'я, «што таксама магло паўплываць на працу порта».
«Спадарожнікавыя здымкі пацвердзілі, што прычалы для нафты заставаліся пустымі на працягу некалькіх дзён, хоць прыкмет пашкоджання нафтавага тэрмінала выяўлена не было», – адзначае выданне.
Так, з 4 па 10 мая з Наварасійска выйшаў толькі адзін нафтавы танкер. У цэлым за гэты перыяд сярэдні экспарт расійскай нафты скараціўся з 3,84 да 3,13 мільёна барэляў у суткі.
Кошт расійскай нафты маркі Urals таксама зніжаецца, сведчаць даныя агенцтва Argus Media. У прыватнасці, за перыяд з 12 красавіка па 10 мая цэны на папулярную расійскую сыравіну з пастаўкай з партоў на Балтыцы і Чорным моры знізіліся прыблізна на 5,60 долара — да 90,67 і 88,93 долара за барэль адпаведна.
Кошт расійскай нафты з пастаўкай у Індыю зніжаецца трэці тыдзень запар. На гэты раз цэннік на расійскае «чорнае золата» «схуднеў» на 6,90 долара — да 119,28 долара за барэль. У той жа час кошт ціхаакіянскай нафты маркі ESPO, якая пастаўляецца пераважна ў Кітай, вырас на 1 долар — да 93,86 долара за барэль.
Праўда, падаражанне нафты маркі ESPO не ўратавала выручку расійскіх нафтавікоў ад падзення да паўтарамесячнага антырэкорду. Адзначаецца, што за перыяд з 4 па 10 мая вартасць расійскага нафтавага экспарту склала каля 1,98 млрд долараў, што на 640 млн долараў менш, чым паказчык папярэдняга тыдня.