На рынку нерухомасці ўводзяць навінкі
5- 13.05.2026, 18:03
- 1,702
Як яны адбіюцца на беларусах.
У Беларусі з 1 ліпеня ўвядуць істотныя змены адносна арэнднага жылля. У Мінбудархітэктуры расказалі, як будуць працаваць гэтыя навінкі.
З ліпеня чыноўнікі абновяць патрабаванні да тыповых спажывецкіх якасцяў жылых памяшканняў. Гэта прадугледжана пастановай Мінбудархітэктуры. Асноўныя змены — у новым арэндным жыллі абавязкова павінны быць мэбля, а таксама бытавая тэхніка: халадзільнік, мікрахвалевая печ і пральная машына. Пры гэтым — беларускай вытворчасці.
Гэта тычыцца і аздобных матэрыялаў. Патрабаванне — поўная абліцоўка пліткай ванных і прыбіральняў. У жылых пакоях прадугледжана ўкладка паркетнай дошкі або ламінату, сцены павінны быць атынкаваныя і пафарбаваныя альбо абклееныя шпалерамі. Пастановай таксама вызначаны кошты неабходнай бытавой тэхнікі.
«Гэта халадзільнік з маразільнай камерай коштам не больш як 30 базавых велічынь. Гэта пральная машына коштам не больш як 25 базавых велічынь. Гэта мікрахвалевая печ коштам не больш як дзевяці базавых велічынь (гэта 1350, 1125 і 405 рублёў адпаведна на 13 мая. — Заўв.). Тэндэнцыя такая — адразу засяляйся, жыві пасля таго, як атрымаў ключы ад свайго жылога памяшкання», — адзначыла начальніца ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Інна Пінкоўская.
Паводле яе слоў, змены павінны павысіць якасць арэнднага жылля, якое ўводзіцца ў эксплуатацыю, а таксама стымуляваць попыт на бытавую тэхніку, мэблю і будаўнічыя матэрыялы беларускай вытворчасці.