У Беларусі запусцяць расійскую сістэму, якую прэзентуюць як аналаг Starlink
9- 19.05.2026, 20:51
- 1,464
Што вядома.
У Беларусі плануецца запуск расійскага аналага сістэмы Starlink у межах супрацоўніцтва паміж расійскай аэракасмічнай кампаніяй «Бюро 1440» і беларускім нацыянальным спадарожнікавым аператарам «Белінтэрсат», піша выданне Office Life.
Бакі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое разглядаецца як першы крок да пашырэння міжнародных праектаў у сферы тэлекамунікацый. З расійскага боку адзначаецца, што гэта пачатак выхаду на замежныя рынкі і развіцця супрацоўніцтва з тэлекам-аператарамі іншых краін.
У беларускім «Белінтэрсаце» падкрэсліваюць, што праект павінен дапамагчы скараціць лічбавую няроўнасць паміж рэгіёнамі і даць імпульс развіццю сувязі ў аддаленых раёнах. Таксама гэта разглядаецца як крок у бок імпартазамяшчэння і павышэння тэхналагічнай незалежнасці для крытычнай інфраструктуры.
Сістэма, якую распрацоўвае «Бюро 1440», уяўляе сабой нізкаарбітальную спадарожнікавую сетку. Яна задумана як аналаг амерыканскага Starlink і павінна забяспечваць хуткасны шырокапалосны інтэрнэт з глабальным пакрыццём. Плануецца выкарыстанне групоўкі з сотняў спадарожнікаў, якія могуць забяспечваць высокую хуткасць перадачы дадзеных — да ўзроўню каля 1 Гбіт/с.
Праўда, пакуль гэта ўсё толькі ў планах, бо нават сама Расія не змагла паўнавартасна замяніць Starlink сваім аналагам пасля таго, як ёй перакрылі магчымасць карыстацца гэтай сістэмай па-пірацку на ўкраінскім фронце.
Сам Starlink, які належыць кампаніі Ілона Маска SpaceX, не працуе ў Беларусі, таму альтэрнатыўныя рашэнні разглядаюцца як важны тэхналагічны напрамак. Яшчэ ў 2024 годзе абмяркоўваліся планы па стварэнні падобнай сістэмы для патрэб Узброеных Сіл Беларусі.