Трамп увёў новыя санкцыі супраць Кубы
- 2.05.2026, 4:36
Пад ударам — прыхільнікі рэжыму.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у пятніцу, 1 мая, падпісаў указ, які пашырае санкцыі ЗША супраць кубінскага ўрада.
Пра гэта агенцтву Reuters паведамілі дасведчаныя крыніцы.
Паводле слоў прадстаўнікоў, новыя санкцыі накіраваныя супраць асоб, арганізацый і звязаных з імі структур, якія падтрымліваюць сілавыя структуры кубінскага ўрада або датычныя да карупцыі ці сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, а таксама супраць агентаў, службовых асоб або прыхільнікаў урада.
Праўда, пакуль невядома, на каго менавіта распаўсюджваюцца санкцыі.
Указ дазваляе ўводзіць другасныя санкцыі за ажыццяўленне або садзейнічанне транзакцыям з асобамі, на якіх распаўсюджваецца дзеянне ўказа, адзначылі чыноўнікі.
«Куба стварае спрыяльнае асяроддзе для варожых замежных разведвальных, ваенных і тэрарыстычных аперацый менш чым у 100 мілях ад амерыканскай тэрыторыі», — сказаў адзін з чыноўнікаў.