У Барысаве ўзніклі перабоі з вадой
1- 2.05.2026, 11:18
Улады паспрабавалі «затушаваць» праблему.
У Барысаве 30 красавіка заявілі пра «незначнае пашкоджанне водаправоднай трубы». З таго часу працягваліся праблемы з водазабеспячэннем. Аварію ліквідавалі 2 мая. Да гэтага па горадзе курсіравала цыстэрна з вадой, піша «Zerkalo».
«У выніку правядзення работ па пракладцы камунікацый было выяўлена нязначнае пашкоджанне водаправоднай трубы. На дадзены момант вядуцца работы па ліквідацыі аварыйнай сітуацыі. Падчас работ прадбачыцца нязначнае паніжэнне ціску ў сістэме. Усе элементы запасных частак падрыхтаваныя», — паведамляў 30 красавіка намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Сяргей Бабуро.
На наступны дзень раённае дзяржаўнае выданне паведаміла, што «службы прынялі ўсе неабходныя меры, праблему ўхілена». Водазабеспячэнне запусцілі, але маглі быць часовыя перабоі з гарачым водазабеспячэннем. Аднак некаторыя мясцовыя жыхары ў каментарах адзначалі, што вада так і не з'явілася.

Пасля гэтага раёнка праінфармавала пра перабоі з водазабеспячэннем «у сувязі з павышэннем спажывання вады» 1 мая. Адначасова быў арганізаваны падвоз вады. У каментарах адгукнуліся дзясяткі жыхароў, якія засталіся без водазабеспячэння.
Да вечара стала вядома, што сітуацыя стабілізуецца і ціск у трубах расце. Пра аднаўленне водазабеспячэння ў Барысаве паведамілі 2 мая.
«Сітуацыя была пад поўным кантролем. Дзякуй барысаўчанам за разуменне!» — сказаў Бабуро.

Спецыялісты «Барысаўвадоканала» працягваюць маніторынг якасці вады ў сетцы. Жыхароў заклікаюць у выпадку пагаршэння колеру, паху або празрыстасці аператыўна паведамляць пра гэта ў дыспетчарскую службу прадпрыемства. У каментарах некаторыя пішуць, што мясцамі няма гарачай, а з крана ідзе іржавая вада.
Нагадаем, праблема з вадой назіралася і ў Рагачове на Гомельшчыне. Там 29 красавіка ў водаправоднай вады з'явіўся пах ацэтону. Дырэктар філіяла «Жлобінвадоканал» КПУП «Гомельвадоканал» Валерый Верамейчык у каментары згадваў, што праблема ўзнікла «ў сувязі з правядзеннем рэгламентных работ па фарбаванні канструктыўных элементаў на водазаборы горада Рагачова, якія не кантактуюць з вадой».
Увечары 1 мая мясцовыя ўлады паведамілі, што вада адпавядае нарматывам і прыдатная для ўжывання.