У Беларусі з'явяцца святлафоры са штучным інтэлектам
3- 22.05.2026, 17:48
Першым будзе Брэст.
У Беларусі будуць укараняць святлафоры, якія кіруюцца штучным інтэлектам, што павінна дапамагчы вырашыць праблему затораў на складаных скрыжаваннях. Першым горадам, дзе ШІ будзе дапамагаць рэгуляваць рух, стане Брэст. Пра гэта паведаміў «Брэсцкі веснік».
У Брэсце ШІ-святлафоры будуць укараняць на адным з самых загружаных скрыжаванняў вуліц Маскоўская і Піянерская.
Як піша «Мінская праўда», сістэма ШІ будзе працаваць у рэжыме рэальнага часу:
— аналізаваць паток: камеры і датчыкі будуць перадаваць нейронавай сетцы дадзеныя пра колькасць аўтамабіляў на кожнай паласе;
— адказваць за гібкія фазы: калі на адным з напрамкаў збіраецца затор, штучны інтэлект самастойна будзе падаўжаць дзеянне зялёнага сігналу, каб хутчэй разгрузіць вуліцу.
Усё гэта павінна прыкметна скараціць час чакання на скрыжаванні і паменшыць заторы.
Дакладная дата запуску працы ШІ пакуль не агучаная, аднак інтэграцыя абсталявання ўжо пачалася. Калі пілотны праект у Брэсце пакажа высокую эфектыўнасць, святлафоры новага пакалення пачнуць масава ўсталёўваць і на іншых складаных магістралях краіны.