Упершыню за больш як 25 гадоў з Германіі ў Польшчу пераязджае больш людзей, чым наадварот
4- 3.05.2026, 20:20
- 4,292
Што з'яўляецца прычынай гэтых зменаў?
Доўгі час суседняя з Польшчай Германія была сімвалам дабрабыту і прыцягвала многіх людзей з іншых краін. Рабочыя месцы, інфраструктура, квітнеючая эканоміка — Германія ўспрымалася як абяцанне лепшага жыцця. Але лічбы за 2024 год сведчаць пра адваротнае, распавядае Еўраньюс.
Па даных Федэральнага статыстычнага ўпраўлення, у 2024 годзе з Германіі ў Польшчу пераехалі 90 807 чалавек, а з Польшчы ў Германію — 82 082. Так званы «міграцыйны шлях», які з 1980‑х гадоў бесперапынна рухаўся ў адным напрамку, здаецца, на дадзены момант падышоў да канца і змяніў вектар.
«Не так ужо і шмат людзей вяртаецца ў Польшчу. Рэальная змена ў тым, што значна менш людзей пераязджаюць з Польшчы ў Германію, — тлумачыць Басціян Зендхардт, палітолаг з берлінскага аддзялення Нямецкага інстытута Польшчы. — Хоць эміграцыя з Германіі ў Польшчу крыху павялічылася, значна больш вагомым фактарам адмоўнага балансу з'яўляецца тое, што прыток насельніцтва з Польшчы проста скарачаецца».
У 2024 годзе грамадзяне Польшчы складалі 6,6% замежнага насельніцтва працаздольнага ўзросту Германіі — трэцюю па велічыні групу замежцаў пасля туркаў і ўкраінцаў. У 2024 годзе чысты прыток гэтай групы скараціўся ўпершыню з моманту ўвядзення свабоднага перамяшчэння рабочай сілы ў 2011 годзе — чысты прыток знізіўся з плюс 15 000 да мінус 11 000 чалавек.
Паводле даных Інстытута даследавання занятасці (IAB), каля 30,7% палякаў, якія жывуць у Германіі, разглядаюць магчымасць пакінуць краіну. Прыблізна 4,1% ужо маюць канкрэтныя планы ад'езду — з іх 68% хочуць вярнуцца ў Польшчу, асабліва маладыя людзі да 35 гадоў.
Што ж з'яўляецца прычынай гэтых зменаў? Зендхардт апісвае гэта як два паралельныя працэсы: «З аднаго боку, фактары прыцягнення, якія робяць Германію прывабнай і прыцягваюць людзей з Польшчы, зменшыліся. З іншага боку, зменшыліся і фактары, што падштурхоўваюць людзей эміграваць з Польшчы».
Гэта сугучна з данымі апытання IAB: палякі сярод асноўных прычын магчымога ад'езду з Германіі называюць агульную эканамічную сітуацыю ў Германіі (57,7%), палітычную сітуацыю (56,0%), высокія падаткі (45,9%) і дарагую бюракратыю (38,0%).
У Польшчы змяніўся вобраз Германіі, адзначае Зендхардт: «Доўгі час Германія была краінай, на якую глядзелі. Там, можа, не вельмі добрае надвор'е, у людзей не надта добрае пачуццё гумару, але можна зарабіць нядрэнныя грошы, і інфраструктурныя праекты працуюць. Сёння гэты вобраз ужо не вытрымлівае крытыкі. Абяцанні дабрабыту больш не дзейнічаюць у Германіі».
У той жа час Польшча імкліва развіваецца. Цяпер краіна з'яўляецца шостай па велічыні эканомікай у ЕС, а яе эканамічны рост летась склаў 3,2%, прычым прагнозы на 2026 год яшчэ вышэйшыя. У той час як Германія паказала рэкордны год у гэтым дзесяцігоддзі з ростам у 2,7% — восем гадоў таму, — Польшча рэгулярна расла прыкладна на пяць працэнтаў у год.
Калі паглядзець на рынак працы, карціна таксама выглядае інакш, чым пакаленне таму: узровень беспрацоўя ў Польшчы ў лютым 2026 года складаў 3,2%, што робіць гэты паказчык адным з найніжэйшых ва ўсім ЕС. У Германіі гэты паказчык складае 4,0%, а ў сярэднім па ЕС — 5,9%.
Зендхардт кажа пра змену менталітэту: «У Польшчы цяпер зусім іншы дух, калі гаворка ідзе пра погляд у будучыню. Пакуль жыхары Польшчы лічаць, што заўтра будзе лепш, чым сёння, жыхары Германіі схільныя думаць, што заўтра будзе горш, чым сёння. Той, хто едзе з Германіі ў Варшаву цягніком, трапляе ў горад, дзе лічбавізацыя паўсядзённага жыцця значна больш развітая, чым тут».
З 2022 года Польшча прапануе падатковыя ільготы для рэпатрыянтаў. У межах так званай «Ulga na Powrót» (ільгота на вяртанне) людзі, што пражылі за мяжой не менш як тры гады, могуць прэтэндаваць на льготу па падаходным падатку ў памеры 85 528 злотых (каля 19 700 еўра) у год на працягу чатырох гадоў запар. Разам з агульнай польскай сумай, не абкладаемай падаткам, рэпатрыянты могуць зарабляць да 115 000 злотых (каля 26 500 еўра) у год без сплаты падаткаў.