Віцебшчына страчвае дзяцей
6- 31.05.2026, 16:41
- 1,160
Шакуючыя лічбы.
Віцебская статыстыка да Міжнароднага дня абароны дзяцей паказала, як за два гады змянілася дзіцячая інфраструктура рэгіёна. На 1 студзеня 2024 года ў вобласці было 496 дашкольных устаноў, а на 1 студзеня 2026-га засталося 467. Мінус 29 дзіцячых садкоў, піша «Віцебск, я гуляю».
Відавочна, гэта звязана з істотным скарачэннем колькасці дзяцей у рэгіёне: было 193 087, стала 182 730. То бок за два гады Віцебская вобласць страціла 10 357 дзяцей — фактычна насельніцтва невялікага райцэнтра (а калі ўзяць, напрыклад, Расонскі раён, дык і ўвогуле — усяго раёна).
Паменшылася і колькасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: 339 школ супраць 328 праз два гады. Дзіцячых школ мастацтваў стала 53 замест 57, клубных фарміраванняў — 1191 замест 1311.
Нават педыятраў стала менш: 394 супраць 437. Пры гэтым адносны паказчык колькасці педыятраў таксама змяншаецца: у разліку на 10 тысяч дзяцей — 22 педыятры супраць 22,6 у 2024 годзе.

