Беларускі рубель можа моцна патаннець у маі
1- Анастасія Лузгіна
- 4.05.2026, 12:16
- 1,730
Незвычайная тэндэнцыя.
Асаблівасцю мінулага тыдня стала зніжэнне курсу беларускага рубля адначасова да долара і да расійскага рубля. Не выключана, што ў маі наш рубель працягне зніжацца да долара — і ўсё праз расійскага «брата».
З 27 красавіка па 4 мая 2026 года адбыліся такія змяненні курсаў замежных валют і валютнага кошыка да беларускага рубля:
Кошт валютнага кошыка павялічыўся на 0,4 % і склаў Br 0,175;
Долар ЗША павысіўся ў адносінах да беларускай валюты на 0,27 % і склаў Br 2,8267;
Курс еўра нязначна ўзмацніўся ў адносінах да рубля (+0,11 %) і склаў Br 3,3061;
Курс расійскага рубля таксама вырас (+0,53 %) і склаў Br 3,7737 за 100 расійскіх рублёў;
Кітайскі юань амаль не змяніўся і склаў Br 4,1384 за 10 юаняў.
У першы тыдзень мая магчыма захаванне валацільнасці курсу беларускага рубля. На працягу 4–11 мая курс беларускага рубля да долара можа вагацца ў дыяпазоне 2,81–2,85.
Незвычайная тэндэнцыя расійскага рубля і долара
Сітуацыя на беларускім валютным рынку адрознівалася ад папярэдніх тыдняў. Калі 28 красавіка зніжэнне долара ў адносінах да беларускай валюты традыцыйна суправаджалася ўмацаваннем расійскага рубля ў адносінах да беларускага, то на наступны дзень сітуацыя змянілася. З 29 красавіка па 4 мая даражэлі і долар, і расійскі рубель.
Раней зніжэнне беларускага рубля да расійскага звычайна суправаджалася ўмацаваннем да долара або наадварот. Апошнія змены напрыканцы красавіка — пачатку мая могуць сведчыць пра ўплыў унутраных фактараў, такіх як скарачэнне прапановы валюты праз, напрыклад, пагаршэнне сітуацыі ў знешнім гандлі. Аднак больш верагодна, што гэта была рэакцыя беларускага рубля на мацнеючы расійскі рубель і падрослы на знешніх рынках долар. Магчыма таксама ўздзеянне адразу дзвюх прычын.
Калі пра ўплыў унутраных фактараў можна будзе казаць, прасачыўшы больш працяглую дынаміку курсу беларускага рубля і прааналізаваўшы статыстыку за красавік, то прычыны ўмацавання расійскага рубля і ў адносінах да замежных валют, у тым ліку і да беларускага рубля, відавочныя.
Беларускаму рублю суджана ўпасці?
Расійскі рубель мацнеў на фоне дарагой нафты. Кошт нафты маркі Brent на канец красавіка перавышаў $ 100 за барэль. Расійская сыравіна традыцыйна прадаецца з дысконтам. Аднак на фоне сусветнага дэфіцыту нафты расійскае «чорнае золата» або гандлявалася з невялікім дысконтам у $ 10, або нават з прэміяй.
Сітуацыя ў маі для расійскага рубля можа змяніцца. Вялікая верагоднасць, што рубель ад росту перайдзе да зніжэння. На гэта будзе ўплываць выхад Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў з АПЕК і АПЕК+. У выніку краіна з мая — чэрвеня перастане прытрымлівацца ўстаноўленых картэлем і альянсам квот, што можа знізіць нафтавыя цэны на сусветным рынку. Акрамя таго, ЗША могуць не падоўжыць мараторый на санкцыі ў дачыненні да расійскай нафты.
Нарэшце, Мінфін Расіі разглядае магчымасць аднаўлення ў маі дзеяння бюджэтнага правіла, што павысіць попыт на замежную валюту на расійскім валютным рынку. Услед за расійскім рублём зніжацца да долара будзе і беларускі рубель.
Што да долара, то апошні тыдзень ён быў вельмі валацільны. Калі яшчэ 28 красавіка індэкс DXY вагаўся ў дыяпазоне 98,5, дык ужо 30 красавіка яго велічыня дасягала 99. Умацаванне амерыканскай валюты на сусветным рынку пры адначасовым росце расійскага рубля якраз і магло справакаваць сітуацыю зніжэння курсу беларускага рубля адначасова да абедзвюх замежных валют.
Анастасія Лузгіна, «Белсат»