Час Пашыняну смяяцца з Лукашэнкі
2- 4.05.2026, 15:02
- 2,826
Прэм’ер Арменіі за адзін дзень сабраў знаных палітыкаў больш, чым дыктатар за паўгода.
«Салідарнасць» вывучыла графік сустрэч Аляксандра Лукашэнкі і параўнала іх з дэлегацыяй, якая адправілася ў Ерэван на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
Дык вось, у госці да Нікола Пашыняна, які выступае гаспадаром саміту, прыбылі:
прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон,
старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен,
старшыня Еўрапейскага савета Антоніу Кошта,
вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Каллас,
прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер,
прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні,
прэм’ер-міністр Канады Марк Карні,
прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі
і іншыя палітыкі.
А што ж Аляксандр Лукашэнка? Ахвотнік паджартоўваць пры любой магчымасці з Пашыняна ціха курыць убаку. На такіх мерапрыемствах беларускага кіраўніка не запрашаюць. Ды і да яго, мякка кажучы, падобныя людзі не ездзяць.
Проста паглядзіце на графік візітаў да Лукашэнкі. Нават не за месяц, а за паўгода (!):
Сустрэча са спікерам Сената Рэспублікі Кенія Амасанам Джэфа Кінгі (9 снежня 2025 г.),
Сустрэча з міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы (15 снежня 2025 г.),
Сустрэча са старшынём Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан Ерланам Кашанавым (5 лютага),
Сустрэча са старшынёй Сената Зімбабвэ Мэйбл Мэмары Чынамонай (19 лютага),
Сустрэча з генеральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым (6 красавіка).
Ну і крыху гасцей з Расіі. Ну як «крыху»:
Сустрэча з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Юрыем Слюсарам (17 лістапада 2025 г.),
Сустрэча з губернатарам Яраслаўскай вобласці Расіі Міхаілам Еўраевым (24 лістапада 2025 г.),
Сустрэча са старшынём Следчага камітэта Расіі Аляксандрам Бастрыкіным (11 снежня 2025 г.),
Сустрэча з губернатарам Кіраўскай вобласці Расіі Аляксандрам Сакалавым (19 студзеня)
Сустрэча з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым (16 лютага)
Сустрэча з губернатарам Мурманскай вобласці Расіі Андрэем Чыбісам (2 сакавіка),
Сустрэча з губернатарам Рязанскай вобласці Расійскай Федэрацыі Паўлам Малковым (16 сакавіка),
Сустрэча з губернатарам Чукоцкай аўтаномнай акругі Уладзіславам Кузняцовым (30 сакавіка).
Яшчэ было некалькі сустрэч з амерыканскай дэлегацыяй. Праўда, як вядома, у Мінск прадстаўнікі ЗША на чале з Джонам Коулем ездзілі не з вялікай павагі да Аляксандра Рыгоравіча, а каб дамаўляцца пра вызваленне закладнікаў беларускага рэжыму.
А так, канечне, можна пасмейвацца з армянскага лідара за яго нежаданне прыязджаць у Мінск ці з паголенай барады. Але пакуль даць форы Пашыняну беларускі кіраўнік можа хіба што ў пышнасці вусоў.