Пуцін змяніў камандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі Расіі
4- 4.05.2026, 18:43
- 1,574
Дыктатар прызначыў на гэтую пасаду генерала, які кіраваў наступам войскаў РФ на Кіеў з тэрыторыі Беларусі.
Замест генерала Віктара Афзалава галоўнакамандуючым ПКС Расіі прызначаны Аляксандр Чайко. Пра гэта піша РБК, спасылаючыся на свае крыніцы.
Прычыны гэтага рашэння Уладзіміра Пуціна выданне не называе.
Генерал Віктар Афазалаў быў прызначаны камандуючым Паветрана-касмічнымі сіламі Расіі ў кастрычніку 2023 года, замяніўшы на гэтай пасадзе Сяргея Суровікіна. Той упаў у няміласць пасля ўзброенага мяцяжу пад кіраўніцтвам кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына у чэрвені 2023 года. Мінабароны РФ афіцыйна не паведамляла пра адстаўку генерала.
Як піша РБК, новы кіраўнік ПКС РФ Аляксандр Чайко раней узначальваў групіроўку войскаў Узброеных Сіл РФ у Сірыі, Усходнюю ваенную акругу. У 2020 годзе закрытым указам Чайко быў удастоены звання Герой Расіі.
На пачатку 2022 года Чайко кіраваў наступам расійскіх войскаў на Кіеў з Беларусі. Генерал знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі ЕС як адказны за масавыя забойствы мірных жыхароў у Бучы.
У склад Паветрана-касмічных сіл Расіі ўваходзяць ваенна-паветраныя сілы, а таксама войскі супрацьпаветранай, супрацьракетнай абароны і Касмічныя войскі.
Змена камандуючага адбылася на фоне ўзмацнення ўдараў Узброеных Сіл Украіны па НПЗ і іншых аб’ектах ВПК у расійскім тыле.