Бабруйчанін замест кабана стрэліў у рысь і трапіў пад суд
5- 5.05.2026, 18:10
- 3,730
Рысь занесеная ў Чырвоную кнігу.
У Асіповічах вынеслі прысуд 40-гадоваму паляўнічаму з Бабруйска, які без дазволу падстрэліў чырванакніжную рысь, паведаміла абласная пракуратура.
У канцы студзеня падчас загоннага палявання на кабана ў Асіповіцкім раёне бабруйчанін заўважыў рысь.
«Ведаючы, што жывёла ўключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і паляванне на яе забаронена, мужчына зрабіў стрэл з паляўнічага карабіна», — паведаміла пракуратура.
У выніку навакольнаму асяроддзю нанесена шкода ў памеры 300 базавых велічынь (13,5 тыс. рублёў). Гэтую суму паляўнічы добраахвотна кампенсаваў, а ў судзе прызнаў віну ў поўным аб'ёме.
За незаконнае паляванне на чырванакніжную жывёлу (ч. 4 арт. 282 КК) яго прысудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў «хатняй хіміі» і штрафу ў 4,5 тыс. рублёў.
Паляўнічы карабін з лічбавым прыцэлам начнога бачання, які належаў абвінавачанаму, канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Прысуд у законную моц не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.